Футбалістам «Нёмана» уручылі срэбраныя медалі
У Гародні ўручылі медалі срэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі па футболе камандзе „Нёман”. „Вы дэманстравалі вельмі прыгожы, запальны футбол, якому аддавалі сябе і рабілі ўсё ў імя перамогі. Віншую трэнерскі штаб, які распрацоўваў тактычныя схемы, якія аказваліся вашым супернікам не па зубах”, – сказаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік.
У апошнім матчы сезона падначаленыя Ігара Кавалевіча перамаглі наваполацкі „Нафтан” з лікам 6:1. „Нёман” набраўшы 62 ачкі заняў другое месца ў турнірнай табліцы па выніках чэмпіянату. Раней „Нёман” толькі раз заваёўваў медалі першынства: у 2002 годзе каманда жоўта-зялёных мінімальна саступіла БАТЭ ў „залатым” матчы.
Хакеісты „Брэста” спынілі пераможную серыю „Нёмана” ў экстралізе
Матчамі ў Берасці і Наваполацку ў чацвер працягваўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Хакеісты „Нёмана” прыбылі ў Берасце, маючы ў сваім актыве адрэзак з шасці перамог запар. Паўднёўцы, наадварот, падышлі да хатняга матчу з чатырма паразамі запар. Статыстыка меркавала працяг абедзвюх серый, але ў рэальнасці ўсё выйшла па-іншаму. Гарадзенцы лідыравалі толькі з 8-й па 12-ю хвіліну паядынку, далей кантроль над гульнёй захапілі берасцейцы, якія павялі з лікам 3:1 да першага перапынку. „Нёману” двойчы ўдавалася скарачаць адставанне да аднаго гола, але дамагчыся нічыі так і не атрымалася. Вынік матча – 4:3, аўтарам пераможнай шайбы ў „Брэста” стаў Фёдар Качан.
Паралельна ў Наваполацку мясцовы „Хімік” нічога не змог зрабіць з „Гомелем”, прайграўшы 2:5, дубль за пераможцаў аформіў Уладзіслаў Каткоў. Гэта вікторыя стала для „Гомеля” толькі другой у апошніх шасці матчах, але дзякуючы асечцы „Нёмана” падначаленыя Сяргея Стася вярнулі сабе трэці радок турнірнай табліцы: „рысі” набралі 43 ачкі, у гарадзенцаў на бал менш.
Асіст Шаранговіча дапамог «Калгары» абыграць «Караліну» у НХЛ
У паядынку рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Калгары» на хатняй арэне абыграў «Караліну» 3:2. Гаспадары да трэцяга перыяду саступалі 0:2. Беларускі нападнік «Калгары» Ягор Шаранговіч выйшаў у першым звяне, а яго аднаклубнік абаронца Ілля Салаўёў правёў сустрэчу ў трэцім. Шаранговіч аддаў галявую перадачу пры трэцяй шайбе «Калгары», якая стала пераможнай. Салаўёў згуляў 10 хвілін 20 секунд, зрабіў адзін хіт. «Вашынгтон» на выездзе саступіў «Даласy» 4:5 у серыі булітаў. Беларускі нападнік «Вашынгтона» Аляксей Протас набраў у матчы два балы. Спачатку форвард адкрыў лік у гульні, закінуўшы на 8-й хвіліне сустрэчы. Затым у сярэдзіне другога перыяду Прoтас асіставаў Яўгену Кузняцову, які зрабіў лік 3:1. Беларус правёў матч у другой тройцы нападу, згуляў 15 хвілін 39 секунд, 3 разы кінуў па брамцы.
Баскетбалісты „Мінска” прайгралі 15-ы матч у Адзінай лізе ЗГБ
Баскетбалісты „Мінска” пацярпелі 15-у паразу запар у рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. Падначаленыя Расціслава Вергуна на сваёй арэне саступілі ў авертайме гасцям з „Астаны” з лікам 84:89. Самым выніковым у складзе менчан стаў Аляксандр Зячэвіч, які набраў 29 ачкоў. „Мінск” застаецца адзінай камандай, якая не дамаглася ніводнай перамогі ў гэтым сезоне.
Беларускае Радыё Рацыя