Бярозаўскія праваабаронцы спрабуюць правесці пікет



Бярозаўскія праваабаронцы падалі заяву ў мясцовы  раённы выканаўчы камітэт на правядзенне пікету 28-га чэрвеня. Нягледзячы на пастаянную забарону пікетаў з боку чыноўнікаў, актыўныя гараджане не пакідаюць намеру публічна агучыць сваю грамадзянскую пазіцыю, кажа адзін з заяўнікаў пікету Сяржук Русецкі:

– Мы чарговы раз спрабуем атрымаць у Бярозаўскім райвыканкаме дазвол на правядзенне пікету ў вызначаным самім жа райвыканкамам месцы – на гарадскім стадыёне. Мэтай пікету з’яўляецца выказванне пратэсту супраць парушэння канстытуцыйных нормаў Дэкрэтам “Пра сацяльнае ўтрыманства”. І нашае патрабаванне – вызваленне палітвязняў.

Бярозаўскія ўлады могуць па забароне масавых мерапрыемстваў дэмакратычнай супольнасці патрапіць у кнігу рэкордаў Гінэсу. Ужо 18 гадоў яны адмаўляюць праваабаронцам і актывістам у правядзенні мерапрыемстваў па надуманых прычынах, а суды становяцца на бок уладаў – дадае актывіст.

Беларускае Радыё Рацыя