Беларускіх расследавальнікаў адзначылі за выкрыццё карупцыйных схем



Беларускі расследавальніцкі цэнтр “пралівае святло на тое, як Расея і Беларусь супрацоўнічаюць, спрабуючы абысці санкцыі, узбагаціць алігархаў і распаліць агрэсіўную вайну Масквы супраць Украіны”. Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у Вашынгтоне на цырымоніі ўручэння ўзнагарод прэміі “Чэмпіёны па барацьбе з карупцыяй”.

Энтані Блінкен і Станіслаў Івашкевіч. Фота: скрыншот відэатрансляцыі цырымоніі ўзнагароджання з сайта “Позірк”.

“Для [кіраўніка БРЦ] Станіслава Івашкевіча барацьба за падсправаздачнасць, празрыстасць, прастору для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ўжо даўно азначае барацьбу з краінай, якая супрацоўнічае з дыктатарам Беларусі, спрабуючы здушыць яго, — і гэта Расея”, — адзначыў Блінкен. Паводле яго слоў, рэпартажы БРЦ адыгралі вырашальную ролю ў закрыцці шчылін у санкцыях, арышце незаконных актываў расейскіх чыноўнікаў і алігархаў.

Сёлета Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў каля 20 расследаванняў, дзе раскрыў карупцыйныя схемы, шляхі абыходу санкцый Еўразвязу і ЗША, на якіх зарабляе сям’я Лукашэнкі і набліжаныя да яе. За год цэнтр раскрыў такіх схем больш як на тры мільярды даляраў. (Позірк)

Беларусь бачыць перспектывы ў прамысловай кааперацыі з В’етнамам

Пра гэта ў час перагавораў з кіраўніком в’етнамскага ўрада Фам Мінь Чынем заявіў прэм’ер-міністр краіны Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, у В’етнаме знаходзіцца вялікая беларуская дэлегацыя, 33 прадпрыемствы прадставілі сваю прадукцыю на выставе ў Хашыміне, запланавана правядзенне бізнес-форуму. “У якасці вынікаў гэтых мерапрыемстваў мы бачым пошук новых партнёраў і заключэнне ўзаемавыгадных дамоўленасцяў. Асаблівыя перспектывы, спадар прэм’ер-міністр, мы бачым у развіцці прамысловай кааперацыі”, – сказаў Галоўчанка. Ён зазначыў, што сёлета беларуская эканоміка дэманструе рост, нягледзячы на санкцыі. На яго думку, у гэтым ёсць і заслуга в’етнамскага кіраўніцтва.

Па выніках мінулага года тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў 180 мільёнаў даляраў. За студзень-верасень гэтага года ён перавысіў ужо 200 мільёнаў, піша reform.by.

У лістападзе беларусы набылі валюты амаль на мільярд даляраў

Як вынікае са статыстыкі Нацыянальнага банка, за лістапад беларусы купілі замежнай валюты на 933,1 млн даляраў, а прадалі — на 875,4 млн даляраў. Розніца, такім чынам, склала каля 58 мільёнаў даляраў на карысць куплі.

Такая сітуацыя для фізічных асоб не зусім тыповая, бо ў цэлым за адзінаццаць месяцаў бягучага года фізічныя асобы прадалі валюты на амаль 426 мільёнаў даляраў больш, чым набылі. А вось для арганізацый назіраецца адваротная карціна — 23 млрд даляраў набытай валюты супраць 22 млрд прададзенай (розніца перавышае адзін мільярд даляраў), піша “Наша Ніва”.

Беларускае Радыё Рацыя.