Рух „За Свабоду” асудзіў мяркуемы ўдзел расейскіх вайскоўцаў у парадзе 3 ліпеня



Рух „За Свабоду” рэзка асудзіў планаваны ўдзел расейскіх салдат у парадзе 3 ліпеня з нагоды Дня незалежнасці Беларусі. Як паведаміў намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч, у апублікаванай сёння заяве гаворыцца, што „сваімі дзеяннямі ўлады Беларусі ганебна і рабалепна ператвараюць нашу краіну ў дзяржаву-марыянетку і пляцоўку для дэманстрацыі сілы расейскай ваеншчыны”.

Юрась Губарэвіч:

– У гэтым месяцы Расея праявіла сябе як краіна-агрэсар. З яе ініцыятывы пачаліся тыя жахлівыя падзеі, якія зараз адбываюцца на ўсходзе Украіны. Фактычна Украіна і Расея ўцягнутыя ў вайну, якая падтрымліваецца Расеяй. Таму дэманстрацыя вайсковага ўзбраення, тэхнікі, удзел у мерапрыемствах 3 ліпеня пад расейскімі сцягамі, на нашую думку, непрымальны.

Раней, 27 ліпеня, Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай правёў акцыю супраць удзелу расейскіх войскаў у парадзе 3 ліпеня ў Менску. Прыблізна 10 чалавек адправілі лісты Уладзіміру Пуціну, Аляксандру Лукашэнку, а таксама ў пасольства Расеі ў Беларусі і ў Міністэрства абароны Беларусі, выступаючы супраць удзелу ў парадзе расейскіх вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі ў сувязі з дзеяннямі Расеі ва ўкраінскім канфлікце.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя