Агляд прэсы: Унутрыпалітычны гандаль



Беларусь можа захоўваць ва Украіне кітайскую зброю для выкарыстання Расеяй. У ЗША пакуль няма грошай для Украіны. Навошта Эрданан паехаў у Афіны? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

На гэтым тыдні беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка ў другі раз за год наведаў Пекін, дзе сустрэўся са старшынём Кітая Сі Цзіньпінам. Лукашэнка пабываў у Кітаі ў лютым, дзе таксама сустракаўся з Сі. «Падчас свайго ранейшага візіту Лукашэнка і Сі падпісалі некалькі пагадненняў аб супрацоўніцтве па розных пытаннях: ад эканамічных адносін да інвестыцый, аховы здароўя, навукі і тэхналогій і спорту. Два чалавекі абвясцілі аб планах стварэння зоны свабоднага гандлю і інвестыцый паміж краінамі. Сі Цзіньпін заявіў, што дружба паміж Кітаем і Беларуссю «непарушная», – паведамляе брытанскае выданне The Messenger.

«Паездка Лукашэнкі ў Пекін на гэтым тыдні прынесла яшчэ больш. Яго саманазваны «працоўны візіт» ахопліваў амаль тое ж самае, што і папярэдняя паездка. Абодва лідары абмеркавалі гандаль, эканамічныя інвестыцыі і тое, што яны назвалі «міжнародным супрацоўніцтвам». Кітайская эканоміка пераўзыходзіць беларускую. На практыцы Менск прыносіць вельмі мала на эканамічны стол Кітая. З іншага боку, Беларусь, як і Кітай, рашуча падтрымала ўварванне Пуціна ва Украіну. Лукашэнка і Пуцін ніколі не былі блізкімі. У мінулым Пуцін зважаў на яго не больш, чым на губернатара правінцыі. І можна спрачацца, што Беларусь, ізаляваная ад астатняй Еўропы, з’яўляецца не больш чым расейскай марыянэткавай дзяржавай. Сапраўды, з самага пачатку ўварвання Расеі расейскія войскі атакавалі Украіну з беларускай тэрыторыі. Расейскія вайскоўцы працягваюць трэніравацца ў Беларусі, якая назапасіла расейскую зброю, у тым ліку тактычную ядзерную. І пасля расейскага нападу некаторыя меркавалі, што Беларусь уступіць у вайну — хаця гэтага не адбылося, а Лукашэнка адмаўляе, што калі-небудзь уступіць. Са свайго боку, Пекін актыўна падтрымлівае расейскае ўварванне. Раней у гэтым годзе Сі Цзіньпін абнародаваў мірны план з 12 пунктаў, які, заклікаючы да спынення агню і перамоваў, відавочна быў схілены да інтарэсаў Расеі. Падчас свайго лютаўскага візіту ў Пекін Лукашэнка шчыра падтрымаў кітайскі план, несумненна, адлюстроўваючы пазіцыю Масквы», – падкрэслівае брытанскае выданне.

***

Сенат ЗША заблакаваў выдзяленне фінансавай дапамогі Украіне і Ізраілю на агульную суму больш за 110 мільярдаў долараў (амаль 102 мільярды еўра), запыт аб якім падаў заканадаўцам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Супраць прагаласавалі ўсе рэспубліканцы, а таксама Берні Сандэрс, які выказаў занепакоенасць дзеяннямі Ізраіля ў сектары Газа. На фоне таго, што пад пагрозай аказалася і далейшая дапамога Кіеву з боку Еўразвяза, еўрапейская прэса актыўна абмяркоўвае тое, якая будучыня чакае Украіну. «Заходняя дапамога Украіне ўтрымлівае Крэмль ад развязвання новых войнаў», – лічыць дублінская газета Irish Independent.

«Калі б Расея пачала дзеянні супраць краін-саюзнікаў па НАТА, такіх як невялікія балтыйскія дзяржавы Латвія і Эстонія, не кажучы ўжо пра Польшчу, або іншым буйным саюзніку па НАТА, то Вашынгтон паводле дамовы быў бы абавязаны адправіць войскі для абароны гэтых дзяржаў. Выдаткі на разгортванне амерыканскіх войскаў для абароны ўразлівых саюзнікаў НАТА ад ядзернай дзяржавы не паддаюцца адзнацы. Але калі ўлічыць, колькі Злучаным Штатам прыйшлося выдаткаваць на іншыя войны ў гэтым стагоддзі, становіцца ясна, што выдаткі будуць велізарнымі, і яны відавочна нашмат перавысяць тое, што Кангрэс вылучае на дапамогу Ўкраіне», – канстатуе ірландскае выданне.

***

У чацвер прэзідэнт Турцыі Эрдаган наведаў з візітам Грэцыю. Яшчэ год таму ў адносінах паміж дзвюма краінамі гучалі заклікі ўзяцца за зброю, аднак цяпер намецілася разрадка. Прэм’ер-міністр Грэцыі Міцотакіс і прэзідэнт Турцыі Эрдаган падпісалі сумесную дэкларацыю аб «добрасуседскіх адносінах». «Сустрэча паміж турэцкім прэзідэнтам Эрдаганам і прэм’ер-міністрам Грэцыі Міцатакісам прайшла пад добрай зоркай», – мяркуе нямецкая газета Frankfurter Rundschau.

«Яны пакуль што пакінулі ўбаку такія складаныя праблемы, як спрэчка аб суверэнітэце і эканамічнай зоне ў водах усходняга Міжземнамор’я, якая доўжыцца дзесяцігоддзямі, і засяродзіліся на тэмах, па якіх збліжэнне ўсё ж магчыма, як то: культурны абмен, супрацоўніцтва ў навуковай сферы, сустрэчы студэнтаў абедзвюх краін. Паміж еўрапейскімі краінамі ўсё гэта ўжо практыкуецца з даўніх часоў. Але для «заклятых ворагаў»; Грэцыі і Турцыі гэта – значныя крокі. На іх аснове можа выстраіцца давер», – заўважае нямецкае выданне.

***

На саміце Еўрапейскага звяза, які адбудзецца на наступным тыдні, плануецца прыняць важныя рашэнні адносна падтрымкі Украіны, а менавіта – аб пачатку перамоваў аб уступленні краіны ў ЕЗ, а таксама аб выдзяленні Кіеву фінансавай дапамогі ў памеры 50 мільярдаў еўра. Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан пагражае заблакаваць абодва рашэнні. Венгерскі штотыднёвік Élet és Irodalom не бачыць шанцаў на паляпшэнне адносін паміж Венгрыяй і ЕЗ.

«Цяжка пра гэта казаць, бо гаворка ідзе пра нашу радзіму, але Вугоршчыну на дадзены момант ужо не выратаваць. Яе ўрад упэўненымі крокамі выводзіць краіну прэч з еўрапейскай супольнасці – наўпрост у вельмі нестабільны свет, з якога спрабаваў выбрацца нават сам Віктар Орбан – калі яшчэ быў у апазіцыі. Яго матывы ясныя: антыдэмакратычная сістэма, якую ён выбудаваў дзеля ўласнай выгады, не ў стане выжыць унутры ЕЗ», – піша венгерскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.