Павел Латушка пра недахопы ў праекце выбараў у Каардынацыйную раду



Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў праект выбараў у трэці склад Каардынацыйнай рады. Латушка лічыць, што ў прапанаванай сістэме ёсць шэраг супярэчнасцей.

Кіраўнік НАУ лічыць, што сістэма дэлегавання можа стварыць дысбаланс унутры трэцяга складу. На яго думку, важна, каб усе дэлегаты абіраліся на роўных шляхам прамых выбараў.

Яшчэ адзін недахоп – наяўнасць трох галасоў у выбаршчыка, што ўскладняе выбарчы працэс і можа ўвесці ў зман выбаршчыкаў. «Такім чынам, чарговы раз замест выкарыстання выпрацаванага гадамі досведу еўрапейскіх парламенцкіх дэмакратый ствараецца гібрыдная сістэма з наяўнасцю супярэчнасцяў і дысбалансаў. Выступаю за тое, каб выніковае рашэнне па выбарах у Каардынацыйную раду было прынятае аргкамітэтам з улікам пазіцыі Каардынацыйнай рады і іншых акцёраў дэмакратычных сілаў», – заявіў Латушка. Кіраўнік НАУ выступае за прамое галасаванне за выбарчыя спісы.

Каардынацыйная рада прапануе правесці галасаванне па прапарцыйнай сістэме з закрытымі спісамі, прапанаванымі выбарчымі суб’ектамі (партыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і іншымі аб’яднаннямі грамадзян). Таксама будзе адкрыты спіс самавылучэнцаў. У кожнага выбаршчыка будзе тры галасы.

Беларускае Радыё Рацыя