Гарадзенскім школьнікам прапануюць паўдзельнічаць у «тэрміновым зборы дапамогі дзецям Данбаса»



Зборы вядуцца для фонду Аляксея Талая. Пра гэта піша рэсурс Hrodna.life. «Тэрміновасць» звязана з тым, што 12 снежня ў горад прыязджае сам прарасейскі актывіст.

Інфармацыя пра падзею з’явілася ў бацькоўскіх чатах Гародні. Рэчы – прысмакі і прадметы асабістай гігіены – просяць прыносіць у школу № 15 да 11 снежня. У траўні Талай прыязджаў у гэтую школу на адкрыццё мурала савецкаму генералу Карбышаву.

Цяпер едзе ў мясцовую філармонію. Ён збіраецца правесці «урок мужнасці» пад лозунгам «Зрабі правільны выбар». На сустрэчу запрашаюць моладзь.

Аляксей Талай і ўкраінскія дзеці / асабісты архіў

Аляксей Талай – беларускі параалімпіец, які неаднаразова вывозіў з акупаваных тэрыторый Украіны, якія лічыць расейскімі, дзяцей у Беларусь – нібыта на аздараўленне.