Беласток: Міжнародны дзень правоў чалавека (абноўлена)
У скверы Новай Беларусі пад сценамі Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку прайшла акцыя з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10-га снежня. Арганізатарам акцыі выступіла беларуская дыяспара Беластока.
Сабралася каля паўсотні чалавек. Многія пакінулі Беларусь зусім нядаўна. Па іх словах, нармальнае, як раней, жыццё ў Беларусі немагчымае. З вобшукам могуць прыйсці ў любую хвіліну.
Нягледзячы на гандлёвую нядзелю ў горадзе, удзельнікаў акцыі дастаткова, каб бачыць, што праблема абароны правоў чалавека ў Беларусі – асноўная і хвалюе ўсіх. Рэпрэсіі ў краіне ўзмацніліся і паступова фармалізуюцца праз жорсткія законы і ўказы. У лукашэнкаўскіх турмах знаходзяцца тысячы палітвязняў. Многія асцерагаюцца з-за бяспекі прызнаваць сябе палітвязнямі, хоць зняволеныя за грамадзянскую пазіцыю. Шмат ад каго з іх вестак няма ўжо працяглы час. Беларусы на волі абмежаваны ў выказванні поглядаў, свабоды думкі, доступу да незалежных СМІ і рэалізацыі рэлігійных, культурных і моўных правоў.
„Беларусь падпісала процьму міжнародных дамоваў па абароне правоў чалавека ў самых разнастайных сферах, але рэжым Лукашэнкі паказаў, што мае свой закон па разуменні ўніверсальнай для ўсяго астатняга свету такой катэгорыі, як правы чалавека”, – кажуць удзельнікі акцыі.
Адпаведна 10 снежня 2023 года спаўняецца 75 гадоў аднаму з самых значных глабальных абавязацельстваў у свеце – Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У гэтым эпахальным дакуменце былі абвешчаныя неад’емныя правы, уласцівыя кожнаму чалавеку незалежна ад яго расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага, саслоўнага ці іншага становішча.
„Дэкларацыя (УДПЧ) відавочна парушаецца рэжымам Лукашэнкі, і ўсе вінаватыя ў Беларусі павінны панесці пакаранне”, – каментуюць дату ўдзельнікі акцыі.
Варта тэлефанаваць, размаўляць з тымі, хто застаўся ў Беларусі. Ім зараз цяжка, іх варта падтрымаць. Анансавана падпісанне паштовак палітвязням, у чацвер, 14.12 а 18-й у памяшканні Медыя МОСТ па вул. Сянкевіча.
Беларусь у цэнтры Еўропы, але права на жыццё, свабоду слова, свабоду руху, адукацыі на роднай мове ў краіне штучна абмежаваныя рэжымам Лукашэнкі.
Важна ўжо зараз беларусам па ўсім свеце выхоўваць сваіх дзяцей у павазе і веданні сваіх асноўных правоў. Гучыць заклік да салідарнасці.
Слова ўзяў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:
„Мы павінны памятаць пра працяглую барацьбу, якую беларускі народ вядзе здаўна за незалежнасць. Дэкларацыя правоў чалавека – гэта яшчэ не ўсё, няма механізму, каб спыніць злачынствы Лукашэнкі і Пуціна. І ўжо гатовыя нават размаўляць са злачынцамі. Варта памятаць пра каштоўнасць чалавечага жыцця, і прыцягнуць да адказнасці рэжымы за парушэнні правоў чалавека”.
Удзельнікі акцыі звяртаюць увагу перш за ўсё на палітзняволеных і іх становішча. Аднак, як адзначаюць, удзельнікі акцыі – перамовы з рэжымам Лукашэнкі весці нельга. Ён выкарыстае гэта на сваю карысць, і абвесціць, што беларуская дэмакратычная апазіцыя ў выгнанні здалася.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя