Эксперт: Працягваць рэпрэсіі – адзіны спосаб для Лукашэнкі захаваць уладу



10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Беларусь падпісалася пад гэтым дакументам.

Леанід Судаленка

З сённяшнім госцем Беларускага Радыё Рацыя праваабаронцам «Вясны», былым палітвязнем Леанідам Судаленкам мы абмяркуем цяперашнюю катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі:

РР: Ці сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі толькі пагаршаецца? Чаму не спыняюцца жорсткія рэпрэсіі ўжо 4 год пасля выбараў?

– Таму што для Лукашэнкі гэтыя рэпрэсіі, якія ён развязаў – адзіная магчымасць захаваць сваю асабістую ўладу. Яго нічога не цікавіць: ні краіна, ні людзі. Яго цікавіць толькі яго асабістая ўлада, адсюль і рэпрэсіі. Вось колькі ён сябе адмераў гадоў панавання ў Беларусі – столькі гадоў будуць цягнуцца гэтыя рэпрэсіі. Я не кажу за ўсе 30 гадоў, але ён ужо столькі зрабіў з 2020 году, як ён пры ўладзе, перайшоў усе чырвоныя лініі. Рэпрэсіі на мой погляд будуць працягвацца толькі таму, што гэта адзіны спосаб для яго захаваць уладу. Для захавання ўлады ён здае ўжо нават беларускую незалежнасць. Расеі я маю на ўвазе. Тэррыторыю прадаставіў для размяшчэння ядзернай зброі, і ўсё астатняе. Давайце хаця бы маліцца Богу, каб заўтра мы не апынуліся пад поўнай акупацыяй Расеі. Жахліва тое, што адбываецца, краіна па сутнасці прыблізілася да найгоршых часоў нашага мінулага – да камуністычнага таталітарызму. Як казаў наш палітзняволены сябра і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі – «сядзіць уся Беларусь, сядзяць без злачынстваў: журналісты, палітолагі, палітычныя лідары, прафсаюзныя лідары, і проста актывісты і неабыякавыя людзі. Несправядлівыя закрытыя суды ў Беларусі працуюць як канвееры. Асуджаных вязуць у лагеры, а на іх месцы прыходзяць новыя. Я ўспамінаю свой выпадак: я яшчэ не паспеў свой тэрмін адбыць у Віцебскай калоніі, а на маё месца адразу прывялі новага палітвязня – вядомага палітычнага дзеяча – Андрэя Дзмітрыева. Я калі заехаў у лагер, на 100 чалавек нас было 7 чалавек палітычных – гэта быў пачатак 2022 году. А калі выязджаў – нас было ўжо 28. То бок траціна, 30% – палітычныя, і так ужо ў кожным лагеры.

Цалкам матрыял слухайце ў далучаным файле:

З госцем Беларускага Радыё Рацыя, сябрам праваабарончага цэнтра «Вясна», былым палітвязнем Леанідам Судаленка размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя