Названы імёны лаўрэатаў Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі



Сталі вядомыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”. Цырымонія ўзнагароджання адбылася сёння, у Міжнародны дзень правоў чалавека.
У намінацыі «Праваабаронца года-2023» абвешчаныя два пераможцы – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў і адвакат Наталля Мацкевіч.

„Журналістам года-2023” прызнаны палітвязень, галоўны рэдактар „Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч.
„Праваабарончай кампаніяй/ініцыятывай года-2023” названа служба эвакуацыі BYSOL.
У новай намінацыі «Праваабарончая салідарнасць года-2023» пераможцай стала палітвязня Паліна Шарэнда-Панасюк.

Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка і журналіст Сямён Печанко. За гады існавання прэмія пашырылася. Сёння гэта ўзнагарода, якой беларуская праваабарончая супольнасць штогод узнагароджвае праваабаронцу года, журналіста года, адваката года (да 2015 года) і ўпершыню ў 2016 годзе – праваабарончую кампанію або ініцыятыву года – за ўклад у абарону і прасоўванне правоў чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя