Колькі дронаў у беларусаў забралі на патрэбы войска?



У лістападзе сілавікі аб’явілі, што стварылі валанцёрскую ініцыятыву «Крылы». Беларусаў заклікалі перадаваць свае дроны Узброеным сілам у якасці «дабрачыннай дапамогі».

Ініцыятыва паведаміла, што за гэты час войску было перададзена больш за 70 дронаў.

«На гэтым тыдні яшчэ некалькі дронаў былі перададзеныя аднаму з падраздзяленняў Узброеных сіл. Дроны ўжо актыўна ўкараняюцца і выкарыстоўваюцца нашымі вайскоўцамі», — гаворыцца ў паведамленні.

Каб здаць дроны, беларусам прапануюць пісаць у бот ініцыятывы і пазначаць горад пражывання і мадэль беспілотніка.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў верасні падпісаў указ  «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў». Гэтым ён забараніў мець дроны фізічным асобам, а арганізацыі і ІП абмежаваў у карыстанні.

Указам прадугледжана, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб грамадзянскіх беспілотнікаў дазволеныя толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам для іх прафесійнай дзейнасці.

Беларускае Радыё Рацыя