«Гульня на эмоцыях»
Як вядома, фронт – гэта непасрэдная зона баявых дзеянняў. Але ў тыле, як ні парадаксальна гучыць, таксама дзейнічае свой фронт – інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя (ІПСА).
Вораг атакуе не толькі з дапамогай прамога прымянення ваеннай сілы, то бок ва ўкраінцаў ляцяць, акрамя шахедаў і ракет, яшчэ і прадукты ІПСА. І гэта адбываецца як на акупаваных, так і на падкантрольных Украіне тэрыторыях. Напрыклад, упадабаная пляцоўка для распаўсюджвання расейскіх наратываў – Фэйсбук. Хаця кампанія Meta была заблакаваная, забароненая і прызнаная экстрэмісцкай у РФ яшчэ ў сакавіку 2022 года. Малюнкі і фатаграфіі, якія змяшчаюць так званы адчувальны кантэнт, збіраюць шматтысячныя рэакцыі карыстальнікаў і атрымліваюць такое ж шматтысячнае распаўсюджванне.
Тут у наяўнасці гульня на эмоцыях людзей, бо ў такіх выпадках адключаецца крытычнае мысленне і з’яўляецца зманлівае адчуванне рэальнай дапамогі ад рэпоста такіх фота («сіла Фэйсбука»). Але пры дэталёвым вывучэнні карцінак і фатаграфій раптам пачынаеш разумець: з імі нешта не так. То ў дзіцяці-ахвяры на руках шэсць пальцаў, то ўкраінскія вайскоўцы просяць аб малітве за Аўдзееўку, пры гэтым на іх не ўкраінская ваенная форма, а шаўрон на плячы з выявай перавернутага ўкраінскага сцяга. Вайскоўцы стаяць на каленях перад вялізным крыжом, на якім… распятая балерына. Псіхадзеліка нейкая! Але не – новае дасягненне чалавецтва – штучны інтэлект на службе расійскага ІПСА.
Карцінка бы засталася недарэчнай карцінкай, калі б не самы важны пасыл – украінскія воіны на каленях моляць аб дапамозе! То бок усё настолькі дрэнна, украінскае войска такое нямоглае, што засталася толькі надзея на Бога. Яшчэ адзін прыклад ІПСА, але ўжо абсалютна прызямлёны і прыемны для вачэй – рукатворны плакат у акупаваным Марыўпалі: “Мяняеш пашпарт? Памяняй і прозвішча! Ачысцімся ад навязанага ўкраінскага нацызму». І на плакаце пад фота прыгожай дзяўчыны ва ўкраінскім вянку напісаны (падказаны) варыянт русіфікаванай версіі ўкраінскага прозвішча: «Галушка — Глушкова».
Спачатку мова, потым дакументы, потым валюта, потым ідэалогія. І карцінкі з вайскоўцамі, пастаўленымі на калені, каб украінцы ўспрымалі сваё войска ахвярамі. А ахвяры не змагаюцца. Сапраўды, якая там барацьба: «Кіеў за тры дні»?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя