„Ягелонія” абыграла чэмпіёна Польшчы
Беластоцкая „Ягелонія” на хатняй арэне перамагла чэмпіёна Польшчы „Ракув” Чэнстахова з лікам 4:2 у чарговым матчы чэмпіянату Польшчы па футболе. Хасэ Наранха і Нэнэ забілі па два мячы.
18 тураў беластоцкая дружына набрала 37 ачкоў і займае другое месца ў турнірнай табліцы экстракласы, адстаючы ад вроцлаўскага „Шлёнска” на адно ачко.
„Барселона” ўпершыню ў гісторыі прайграла „Жыроне” ў чэмпіянаце Іспаніі
Гол украінскага форварда Арцёма Доўбіка дапамог «Жыроне» абыграць «Барселону» і выйсці на першае месца ў Ла Лізе. У матчы 16-га тура іспанскай Прымеры „Жырона” абыграла „Барселону” з лікам 4:2 і адзінаасобна ўзначаліла турнірную табліцу, запісаўшы ў свой актыў 41 ачко. Раней паміж «Барселонай» і «Жыронай» было згуляна шэсць матчаў у чэмпіянаце Іспаніі, у якіх чатыры перамогі святкавалі «сіне-гранатавыя» і двойчы была зафіксаваная нічыя. „Барселона” на дадзены момант займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Іспаніі, запісаўшы ў свой актыў 34 ачкі. «Манчэстэр Сіці» абыграў «Лутон», перапыніўшы чатырохматчавую серыю без перамог у АПЛ. Госці атрымалі валявую перамогу з лікам 2:1. Пасля гэтай перамогі ў актыве „Манчэстэр Сіці” стала 33 ачкі. Падначаленыя Хасэпа Гвардыёлы размяшчаюцца на чацвёртым месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату. „Лутон Таун” набраў дзевяць ачкоў пасля 16 сустрэч. Навічок АПЛ займае 18-е месца. „Чэлсі” прайграў „Эвертану” 0:2 і апусціўся на 12-е месца ў табліцы АПЛ. „Рома” згуляла ўнічыю з „Фіярэнцінай” 1:1, арбітр паказаў тры чырвоныя карткі. Пасля гэтага матчу ў актыве „Ромы” стала 25 ачкоў. Падначаленыя Жазэ Маўрынью займаюць чацвёртае месца. «Фіярэнціна» з 24 ачкамі размясцілася на сёмым радку.
Хакеісты „Шахцёра” святкавалі трэцюю запар „сухую” перамогу ў экстралізе
Матчамі ў Оршы і Салігорску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Паралельныя матчы праводзілі лепшыя каманды сезона: „Віцебск” гасцяваў у Оршы ў „Лакаматыва”, а „Шахцёр” сустракаўся з „Лідай”. Гульні склаліся для лідараў па-рознаму: салігарчане праблем не адчулі і разграмілі суперніка з лікам 5:0. Галявы і асістэнцкі дублі за пераможцаў аформіў лепшы бамбардзір экстралігі Міхаіл Шалагін, тры перадачы ў свой актыў запісаў Вячаслаў Андрушчанка. У снежні „Шахцёр” яшчэ не прайграваў, не прапускаючы ніводнай шайбы ў трох сустрэчах запар. Ва ўсіх гэтых матчах брамку „гарнякоў” абараняў Георгій Анаркулаў. „Віцебску” ў сваю чаргу разжыцца двума ачкамі ў гэты дзень не ўдалося. Па ходу гульні „мядзведзі” саступалі 0:2, але ў сярэдзіне другога перыяду выраўнялі сітуацыю. Неўзабаве аршанцы зноў выйшлі наперад, але і на гэты раз у гасцей знайшоўся адказ – за чатыры хвіліны да фінальнай сірэны Артур Гільманаў закінуў другую для сябе шайбу і перавёў сустрэчу ў авертайм. Там „Віцебску” ўжо не пашанцавала: перамогу „Лакаматыву” з лікам 4:3 прынёс Уладзіслаў Буйко. Для „чыгуначнікаў” гэтая вікторыя стала толькі другой у апошніх сямі матчах. Тым не менш дзякуючы набранаму балу лідарства ў турнірнай табліцы „Віцебск” не саступіў.
„Мяшкоў Брэст” разграміў гандбалістаў „Гомеля” ў SEHA-лізе
„Мяшкоў Брэст” разграміў гандбалістаў „Гомеля” ў апошнім матчы 7-га тура групавога этапа SEHA-лігі. У хатнім паядынку лідары папярэдняй групы А не мелі праблем, абыграўшы аўтсайдэраў з розніцай у дзевяць мячоў – 33:24. Берасцейцы святкавалі чацвёртую вікторыю ў шасці праведзеных сустрэчах, гамяльчане пацярпелі пятае фіяска ў пяці гульнях.
Нарвежскія біятланісты выйгралі эстафету на другім этапе Кубка свету
У аўстрыйскім Хохфільцэне завяршыўся другі этап Кубка свету па біятлоне. Спаборніцкую праграму нядзелі адкрыла мужчынская эстафета, удзел у якой прынялі квартэты з 20 краін. Пераканаўчую перамогу ў гэтай гонцы святкавала каманда Нарвегіі ў складзе Стурлы Лагрэйда, Тар’я Бё, Ёханэса Бё і Ветле Крысціансена. На фінішы перавага нарвежцаў над другімі французамі склала паўхвіліны. У барацьбе за срэбра каманда Францыі таксама не мела канкурэнтаў – трэцюю пазіцыю з адставаннем ад іх у 35 секунд заняла чацвёрка з Германіі. Апошні камплект аўстрыйскіх медалёў разыгралі дзяўчаты. „Залатым” апынуўся зноў нарвежскі квартэт у складзе Юні Арнеклэйв, Марыт Скуган, Каралін Кнотэн і Інгрыд Тандрэвалд. Другой з адставаннем у 32 секунды фінішавала чацвёрка са Швецыі. Трэцімі ў гэты раз апынуліся францужанкі.
Беларускае Радыё Рацыя