Падтрымку ў 30 млн еўра атрымаюць беларускія дэмсілы ад Еўразвязу



Жазэп Барэль у Бруселі сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. «У нас шмат праблем ва ўсім свеце, вайна ў Газе, вайна ва Украіне, але мы не забываем Беларусь і яе народ», – гаворыцца ў звароце Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.

«Я таксама хачу скарыстацца гэтай магчымасцю, каб заклікаць рэжым вызваліць усіх палітвязняў, спыніць рэпрэсіі, прыняць удзел у інклюзіўным нацыянальным дыялогу і арганізаваць дэмакратычныя выбары», – сказаў Барэль. Паводле яго, да таго часу, пакуль у Беларусі не пройдуць дэмакратычныя выбары, Еўразвяз будзе працягваць уводзіць санкцыі супраць рэжыму. «І каб падкрэсліць гэта, я абвяшчу сёння аб дадатковай фінансавай падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл на 30 млн еўра, і з улікам нашага сённяшняга паведамлення мы дасягнём лічбы 140 млн еўра з 2020 года», – заявіў Барэль.