Асаёнак выйграў бронзу ў рыўку на турніры Гран-пры ў Катары



У сталіцы Катара горадзе Доха працягваецца турнір па цяжкай атлетыцы IWF Grand Prix II, які з’яўляецца кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў у Парыжы. У панядзелак мужчыны вызначалі наймацнейшых у вагавай катэгорыі да 96 кг, дзе першы медаль форуму беларускай дэлегацыі прынёс Пётр Асаёнак. У рыўку беларус паслядоўна справіўся са штангай вагой 158 і 162 кг, і толькі падыход на 166 кг апынуўся няўдалым. Тым не менш, вагі ў 162 кг хапіла, каб стаць уладальнікам малой бронзавай узнагароды ў гэтым практыкаванні. У штуршку Асаёнак выступіў менш паспяхова – удалай выйшла толькі другая спроба пакарыць 190 кг, заход на 201 кг жаданага не прынёс. Вынік Пятра ў другім практыкаванні стаў шостым, такое ж месца беларускі штангіст заняў і ў падагульняючым пратаколе двубор’я.

Папарыга не будзе працягваць кантракт з «Нёманам»

Украінскі футбаліст «Нёмана» Раман Папарыга не будзе працягваць кантракт з гарадзенскай камандай, паведамляе тэлеграм-канал «Заўзеем за «Нёман». Усяго за «Нёман» футбаліст правёў 19 матчаў у чэмпіянаце Беларусі, у якіх аддаў адну выніковую перадачу.

Жукоўскі, Хаткевіч, Сцяпанаў і Стасевіч застаюцца ў «Атырау»

Беларускі трэнер Віталь Жукоўскі, а таксама футбалісты Ягор Хаткевіч, Мікіта Сцяпанаў і Ігар Стасевіч працягнуць працу ў «Атырау» у наступным годзе, паведамляе BetNews. 39-гадовы спецыяліст узначальвае Казахстанскі клуб са жніўня мінулага года. У яго трэнерскі штаб уваходзяць яшчэ два беларусы – Павел Плют і Андрэй Місюк. Хаткевіч, Сцяпанаў і Стасевіч прыйшлі ў «Атырау» у пачатку года. Брамнік прапусціў 27 мячоў у 26 матчах мінулага сезону. На рахунку абаронцы 25 сустрэч чэмпіянату, у паўабаронцы – 26 гульняў 2 галы і 3 асісты. У мінулым сезоне «Атырау» завяршыў чэмпіянат на 7-м месцы з 14. У Кубку каманда Жукоўскага дайшла да паўфіналу, дзе па суме двух паядынкаў саступіла будучаму пераможцу «Таболу».

Вызначаны пары 1/8 фіналу Кубка Беларусі па міні-футболе

У менскім Доме футбола прайшло лёсаванне 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі па міні-футболе. Дзеючы ўладальнік трафея „Сталіца” ў паядынку за выхад у чвэрцьфінал сустрэнецца з менскім клубам „ЧэхАрда”. Фіналіст мінулага кубкавага турніру аршанскі „Вітэн” будзе супернічаць са сталічным „Флэксі”. Астатнія пары 1/8 фіналу: „Мінск” – „Барысаў-900”, „Дынама-БНТУ” (Мінск) – БЧ (Гомель), „УУС-Дынама” (Гародня) – „Гайна” (Барысаў), „Меркурый- ДМК” (Берасце) – ВРЗ (Гомель), ЦКК (Светлагорск) – „Дарожнік” (Мінск), „Ахова-Дынама” (Мінск) – „Сялец” (Мсціслаўскі раён). Матчы пройдуць 16-17 снежня. „Фінал чатырох” 34-га кубкавага розыгрышу адбудзецца 13-14 студзеня ў магілёўскім спарткомплексе „Алімпіец”.

„Мінск” саступіў баскетбалістам „Енісея” у Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Мінска” пацярпелі 16-ю паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. Беларуская каманда саступіла на сваёй арэне краснаярскаму „Енісею” з лікам 74:89. Самым рэзультатыўным у складзе гаспадароў аказаўся Джарэд Агунгбемі-Джэксан, у актыве якога 30 ачкоў. Беларускі нападаючы краснаярскага клуба Яўген Бялянкоў набраў 13 балаў. Свой наступны паядынак БК „МІНСК” правядзе 16 снежня ў гасцях у баскетбалістаў „Самары”.

Беларускае Радыё Рацыя