Жыццё аддадзена журналістыцы і краязнаўству



12 снежня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Георгія Барысава (1923-1997) – беларускага журналіста, краязнаўца і публіцыста.

Нарадзіўся Георгій Барысаў 12 снежня 1923 года ў вёсцы Зялёны Прудок Чавускага раёна. У Другую сусветную вайну ваяваў у Асобным рэйдавым партызанскім злучэнні «Трынаццаць». Быў камандзірам падрыўной групы, памочнікам камандзіра дыверсійнага ўзвода, памочнікам камісара.

У пасляваенны час амаль 40 гадоў жыцця аддаў працы ў сродках масавай інфармацыі. У 1951 годзе ён быў прызначаны рэдактарам Быхаўскай раённай газеты, у якой адпрацаваў 32 гады. Вопытны журналіст змог аб’яднаць творчы калектыў, які ўмела адлюстроўваў на старонках газеты шматграннае жыццё працаўнікоў Быхаўшчыны, стаў арганізатарам многіх карысных пачынанняў і спраў. Дзесяцігоддзямі, разам са сваім асноўным заняткам, вёў вялікую краязнаўчую працу, збіраў матэрыял па ўвекавечванню памяці славутых жыхароў Быхаўшчыны. Па ініцыятыве і пры актыўным удзеле Георгія Барысава быў створаны Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, Мемарыял вайсковай славы на Лудчыцкай вышыні, Курган Бяссмерцця ў вёсцы Дабужа і іншыя помнікі. Георгій Барысаў – адзін з аўтараў гісторыка-дакументальнай кнігі «Памяць. Быхаўскі раён».

За вялікія заслугі ў культурным жыцці рэспублікі ў 1974 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры Беларусі».

Беларускае Радыё Рацыя