Эбонг стане футбалістам 2023 года Беларусі



Паводле інфармацыі Tribuna.com, Макс Эбонг будзе абвешчаны футбалістам 2023 года Беларусі. Афіцыйна гэта адбудзецца ўвечары на цырымоніі «Зорны мяч» ад АБФФ. Сезон-2023 Эбонг правёў у складзе «Астаны», якая стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Казахстана і выйшла ў групавы этап Лігі канферэнцый. Гулец правёў за клуб 35 матчаў ва ўсіх турнірах, не забіўшы ніводнага мяча. У складзе зборнай Беларусі футбаліст вызначыўся трыма галамі ў дзевяці матчах кваліфікацыі Еўра-2024.

Бага стаў галоўным трэнерам футбалістаў саратаўскага „Сокала”

Беларускі спецыяліст Аляксей Бага стаў галоўным трэнерам футбалістаў саратаўскага „Сокала”. Інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце ПФК „Сокал”. У мінулым сезоне Аляксей Бага ўзначальваў салігорскі „Шахцёр”, які захаваў прапіску ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі пасля сур’ёзных штрафных санкцый. Да гэтага кіруемыя ім клубы тройчы станавіліся чэмпіёнамі: у 2018 годзе золата беларускага чэмпіянату заваяваў барысаўскі БАТЭ, у 2021-м залатыя медалі былі выйграныя з „Шахцёрам”, а ў 2020 годзе віленскі „Жальгірыс” стаў чэмпіёнам Літвы.
Новы клуб Аляксея Багі няўдала выступае ў другім дывізіёне расейскага першынства. Пасля першай часткі турніру „Сокал” займае толькі 16-е месца сярод 18 каманд. У 20 праведзеных сустрэчах саратаўскія футбалісты набралі 20 ачкоў, атрымаўшы 5 перамог, пры 5 нічыіх і 10 паразах. Лідыруе махачкалінскае „Дынама”, у якога 37 ачкоў. Цяпер у першай лізе наступіў перапынак, наступныя паядынкі запланаваны на пачатак сакавіка 2024 года.

У футбольнай Лізе чэмпіёнаў засталося разыграць чатыры пуцёўкі ў 1/8 фіналу

Пасля матчаў заключнага тура групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначацца апошнія чатыры ўдзельнікі 1/8 фіналу. У групе А першае месца даўно забяспечыла сабе мюнхенская „Баварыя”, у якой чатыры перамогі і адна нічыя, а вось уладальнік другой пуцёўкі ў плей-оф стане вядомы толькі пасля сённяшніх паядынкаў. Англійскі „Манчэстэр Юнайтэд” прыме на сваёй арэне чэмпіёнаў Германіі, а ў сталіцы Даніі футбалісты „Капенгагена” будуць супернічаць з турэцкім „Галатасараем” са Стамбула. У квартэце С лёс другога пропуску ў 1/8 фіналу вырашыцца ў вочным супрацьстаянні „Напалі” і партугальскай „Брагі”. Становішча італьянскага клуба пераважней – у Неапалі яму можна згуляць унічыю ці нават прайграць з розніцай у адзін мяч, а гасцям неабходна перамога з перавагай у два галы. Мадрыдскі „Рэал”, які святкаваў пяць вікторый у пяці праведзеных сустрэчах, згуляе ў нямецкай сталіцы з аўтсайдэрам берлінскім „Уніянам”, у якога ніводнай перамогі пры двух нічыіх і трох паразах.

Зборная Беларусі па пляжным футболе пачала падрыхтоўку да чэмпіянату свету

Зборная Беларусі па пляжным футболе пачала падрыхтоўку да чэмпіянату свету. Апошні сёлета навучальна-трэніровачны збор беларуская дружына праводзіць у манежы ў Санкт-Пецярбургу. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера каманды іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада да галоўнага старту новага сезона рыхтуюцца 14 гульцоў: Міхаіл Аўгустоў, Канстанцін Магалецкі, Уладзімір Усціновіч, Вадзім Бокач, Арцемій Дрозд, Алег Гапон, Юрый Пятроўскі, Ігар Брышцель, Ягор Гардзецкі, Анатоль Радзь , Яўген Новікаў, Іван Канстанцінаў, Мікіта Чайкоўскі. Акрамя штодзённых двухразовых трэніровак беларускія спартоўцы правядуць некалькі кантрольных паядынкаў з моцнымі расейскімі клубамі. Збор працягнецца да 20 снежня.
Фінальная стадыя 12-га чэмпіянату свету па пляжным футболе пройдзе з 15 па 25 лютага ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Шаранговіч закінуў 60-ю шайбу ў кар’еры ў НХЛ

У ноч з панядзелка на аўторак чарговы матч рэгулярнага чэмпіянату НХЛ правёў „Калгары”, за які выступаюць два беларускія хакеісты – Ягор Шаранговіч і Ілля Салаўёў. „Флэймз” гасцявалі ў аднаго з лідараў Заходняй канферэнцыі – „Каларада”. Сустрэча доўгі час складалася на карысць „Калгары”, пасля сарака хвілін гульні на табло гарэлі лічбы 3:5, пятую шайбу „агеньчыкаў” у канцы другога перыяду правёў Шаранговіч. Аднак утрымаць перавагу канадскі клуб не змог – у заключным адрэзку „лавіны” закінулі тройчы запар і ў выніку вырвалі перамогу з лікам 6:5. Ягор правёў на лёдзе 19 хвілін і нанёс 3 кідкі ў створ, сённяшні гол стаў для беларуса сёмым у бягучым чэмпіянаце НХЛ і шасцідзесятым за чатыры сезоны ў лізе. Пасля 233 матчаў у заакіянскай кар’еры ў актыве Шаранговіча 120 дзейсных балаў (60+60). Крыху больш за 16 хвілін на пляцоўцы адыграў Ілля Салаўёў. Беларускі абаронца „агеньчыкаў” выканаў 1 кідок, ужыў 1 сілавы прыём, заблакаваў 2 стрэлы супернікаў, атрымаў 2 хвіліны штрафу і скончыў матч з паказчыкам карыснасці „-1”. На гэты момант „Калгары” размяшчаецца на 11-м месцы Заходняй канферэнцыі, наступны паядынак „Флэймз” правядуць бліжэйшай ноччу супраць дзеючых чэмпіёнаў з „Вегаса”.

Беларускае Радыё Рацыя