Агляд прэсы: Адолець папулізм



Чаго чакаць ад выбараў у наступным годзе ў Беларусі. Новая Польшча. Скандал з выніковым дакументам COP28. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Беларусь рыхтуецца да першых выбараў з 2020 года, калі ўспыхнулі пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і сілавікі Аляксандра Лукашэнкі ўчынілі жорсткі разгон беларускага грамадства. У лютым адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў — ніжнюю палату беларускага парламента.

Пасля новы орган — Усебеларускі народны сход — у сваю чаргу будзе прызначаны новаабранымі абласнымі і рэспубліканскімі ўладамі. «Гэтыя выбары і рост гэтага новага інстытута стануць сур’ёзным стрэс-тэстам для беларускіх уладаў на шляху да прэзідэнцкай кампаніі 2025 года, а таксама важным этапам у таталітарнай трансфармацыі рэжыму Лукашэнкі», – адзначае міжнароднае незалежнае выданне The Open Democracy.

«Паўнамоцтвы мясцовых саветаў і парламента ў Беларусі невялікія. Пры Лукашэнку гэтыя органы выконвалі выключна дэкаратыўную функцыю, складаючы чарговы эшалон безаблічных чыноўнікаў. Таму парламенцкія і мясцовыя выбары ніколі не выклікалі асаблівай цікавасці ў беларусаў: звычайна такія кампаніі праходзілі спакойна, без пратэстаў. Мала падставаў меркаваць, што парламенцкія выбары 2024 года пераломяць гэтую тэндэнцыю. Ва ўмовах масавых рэпрэсій Лукашэнкі цана любой палітычнай дзейнасці стала празмерна высокай. Падзеі 2020 года сталі траўматычным вопытам не толькі для беларускага грамадства, але і для Лукашэнкі. Таму ўлада сур’ёзна рыхтуецца да выбараў у лютым 2024 года, тым больш, што парламенцкая кампанія з’яўляецца своеасаблівым «сістэмным тэстам» перад прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года. Беларускія сілавікі цяпер трэніруюцца разгонамі масавых пратэстаў і правядзеннем масавых ператрусаў сябраў Каардынацыйнай рады апазыцыі. Улады адмовіліся ствараць выбарчыя ўчасткі за мяжой, а значыць, некалькі соцень тысяч палітэмігрантаў будуць выключаныя з выбарчага працэсу. І, у прыватнасці, у якасці проціяддзя ад стратэгіі байкоту быў ліквідаваны парог яўкі на выбарах. Выбары 2024 года ў Беларусі пройдуць нават без мінімальнай імітацыі дэмакратычнага працэсу. Самае інтрыгуючае, хто ў выніку ўвойдзе ў Палітбюро Лукашэнкі — Усебеларускі народны сход. Фармаванне Народнага сходу і абранне яго прэзідыума аформіць новую канфігурацыю рэжыму і, магчыма, прывядзе да пераразмеркавання ўплыву сярод прадстаўнікоў бліжэйшага атачэння Лукашэнкі. Тое, што будзе далей у Беларусі, можа залежаць ад таго, наколькі бязбольна сістэма пройдзе гэты этап таталітарнай трансфармацыі», – адзначае міжнароднае выданне.

У Польшчы ідзе змена ўлады: у панядзелак былы прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі (ПіС) прайграў галасаванне па пытанні аб даверы, пасля чаго сейм даручыў пераможцу выбараў Дональду Туску сфарміраваць урад. Ягоны кабінет павінен быў прадстаўлены і зацверджаны ў аўторак. Аглядальнікі бачаць у гэтым паваротны момант еўрапейскага маштабу, але таксама і шэраг магчымых перашкод. На думку цюрыхскай газеты Tages-Anzeiger, Польшча будзе служыць прыкладам для іншых краін і грамадзянскіх супольнасцяў.

«Вяртанне Дональда Туска для Польшчы і ў пэўным родзе для Еўропы – найважнейшая палітычная вяха з 1989 года. У часы паслаблення дэмакратыі вынік гэтых выбараў у Польшчы аказвае суцяшальнае тэрапеўтычнае ўздзеянне. Ён дэманструе, што балючыя раны, нанесеныя дзяржаўнай сістэме, могуць быць залечаны, што аднаго-адзінага дня выбараў аказваецца дастаткова для таго, каб пакласці канец васьмі гадам разбуральнай дзейнасці. У аркестры еўрапейскіх краін Польшча зможа стаць салістам – у якасці ўзору таго, як можна выдужаць супраць інфекцыі папулізму, і прыкладам для іншых грамадзянскіх супольнасцяў», – адзначае швейцарскае выданне.

Еўразвяз адхіліў праект мемарандума Кліматычнай канферэнцыі ў Дубаі, паколькі не бачыць таго, каб было прадугледжана паэтапнае скарачэнне выкарыстання вугалю, нафты і газу. Замест гэтага заключны дакумент на 21 старонках гаворыць толькі аб скарачэнні выкарыстання і вытворчасці выкапнёвых відаў паліва. Экалагічныя арганізацыі і краіны, якім пагражаюць асабліва жорсткія наступствы кліматычнага крызісу, не ўтойваюць свайго расчаравання. «Нафтавае лобі паказала, хто ў доме гаспадар», – адзначае люблянская газета Delo.

«У сваім лісце да сяброў арганізацыі АПЕК ясна дала зразумець, што заклікае іх адхіляць любыя згадкі аб адмове ад выкапнёвага паліва або аб паступовым спыненні яго выкарыстання. „Націск на выкапнёвае паліва можа дасягнуць крытычнай кропкі з незваротнымі наступствамі”, – папярэдзіла АПЕК. Што за агідны цынізм: лобі вытворцаў выкапнёвага паліва нахабна скарысталася фармулёўкамі навукоўцаў, якія папярэджваюць пра тое, што змена клімату можа прывесці да крытычнай кропкі для многіх экасістэм Зямлі і выклікаць эфект даміно з незваротнымі катастрофамі па ўсім свеце», – падкрэслівае славенскае выданне.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў пра тое, што расейскія і беларускія спартсмены пры пэўных умовах будуць дапушчаны да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Спартсмены павінны выглядаць «нейтральна» і абавязаны адмовіцца ад нацыянальных гімнаў і сцягоў. Спартоўцы таксама не павінны служыць ва ўзброеных сілах ці выказвацца за правядзенне вайны. Удзел у гэтай алімпіядзе хельсінкская газета Iltalehti лічыць немагчымым з маральнага пункту гледжання.

«Рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта не пакідае фінскай дзяржаве і нацыянальнаму Алімпійскаму камітэту ніякага выбару. Фінскія прадстаўнікі і спартоўцы павінны дыстанцыявацца ад алімпійскіх гульняў у Парыжы і наступных Зімовых алімпійскіх гульняў, калі ў іх дазволена выступаць рускім. Калі байкот вядзе да раскладання і распаду алімпійскага руху, то МАКу ў яго сённяшняй форме з усімі сваімі карупцыйнымі скандаламі самае месца на памыйніцы. Высакародныя каштоўнасці спорту і правоў чалавека нашмат важней, чым МАК, вядомы сваімі сімпатыямі да Расеі», – піша фінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя