Еўразвяз выдзеліць на падтрымку беларускай культуры 5 млн еўра



Еўрапейскі звяз выдзеліць на падтрымку беларускай культуры 5 млн еўра, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет. Гэта стала вядома падчас пасяджэння ў Бруселі працоўнай групы па інфармацыі і медыя ў межах Кансультатыўнай групы “ЕЗ – Беларусь”.  Сярод удзельнікаў працоўнай групы з беларускага боку – прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык.

Фота: @CabinetBelarus

“Я вельмі рада перадаць словы кіруючага дырэктара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Міхаэля Зіберта, што на падтрымку беларускай культуры асобна будзе выдзелена 5 мільёнаў еўра. Мы будзем паведамляць, калі гэтыя грошы будуць даступныя і як іх можна будзе выкарыстаць”, – адзначыла Аліна Коўшык.

Некаторых беларусаў будуць пазбаўляць пенсій за асаблівыя заслугі

Савет Міністраў Беларусі перагледзеў палажэнне аб пенсіях за асаблівыя заслугі. Дакумент афіцыйна апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Пенсія за асаблівыя заслугі – гэта пенсія, прызначаная згодна з заканадаўствам, плюс пенсія за асаблівыя заслугі. Згодна з дакументам, пенсію за асаблівыя заслугі, як і раней, могуць прызначыць героям Беларусі, атрымальнікам шэрагу ордэнаў, у тым ліку ордэнаў Маці, топ-чыноўнікам, пераможцам і прызёрам Алімпійскіх гульняў і так далей.

Пры гэтым устаноўлены пералік падстаў, паводле якіх пенсію за асаблівыя заслугі не дадуць, а яе выплату спыняць. У прыватнасці, гэта прыцягненне да крымінальнай адказнасці, ажыццяўленне дзейнасці, якая супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу і здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці.

“Дармаедаў” хочуць пазбавіць часткі бясплатных медпаслуг

З’явіўся новы законапраект, датычны так званых “дармаедаў”. Як стала вядома журналістам “Зеркало”, у раённыя выканкамы паступіў праект закона, які значна абмяжуе магчымасці тых, хто не выплачвае падаткаў у бюджэт Беларусі.

Дакумент праходзіць пад грыфам “для службовага карыстання”, у ім змяняюцца крытэрыі, паводле якіх людзей лічаць не занятымі ў эканоміцы, а таксама аб’ём сацыяльных паслуг, якімі яны могуць карыстацца. Таксама да журналістаў прыйшла інфармацыя, што тыя, хто трапіў у базу “дармаедаў”, то бок не занятых у эканоміцы, будуць абмежаваныя ў бясплатных медыцынскіх паслугах. На бясплатнай аснове ім будзе аказвацца толькі экстраная меддапамога.

Стала вядома, колькі каштуе найлепшы беларускі футбаліст

Паўбаронца зборнай Беларусі і казахстанскага клуба “Астана” Макс Эбонг прызнаны найлепшым футбалістам-беларусам у 2023 годзе. У лістападзе гулец каштаваў не менш за адзін мільён даляраў, піша Office Life. Эбонг нарадзіўся ў Віцебску і паходзіць з сям’і беларускі і камерунца.

У чэрвені гэтага года 24-гадовы футбаліст каштаваў даражэй – 1 мільён 200 тысяч даляраў, а ў пачатку кар’еры ў 2018 годзе Макса Эбонга ацэньвалі ў 100 тысяч даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя