Агляд прэсы: Апошні козыр



Менск абвінаваціў Польшчу ў падрыхтоўцы масіраванай атакі на Беларусь. Будучыня Ўкраіны пасля візіту Зяленскага ў ЗША. Урад Туска зацверджаны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Па словах старшыні КДБ Беларусі, на тэрыторыі Польшчы знаходзяцца сем так званых «харугваў», пры дапамозе якіх Варшава нібыта рыхтуе тэракты і захоп аб’ектаў. «На думку беларускага КДБ, найбольш агрэсіўная харугва трэніруецца ў Беластоку на вуліцы Кардынала Вышынскага, 6а. Ёй кіруе беларускі грамадзянін Асадулаеў 1991 года нараджэння, які некалі вучыўся ў Ваеннай акадэміі і пераехаў жыць за мяжу. Ён хаваецца пад псеўданімам „Шляхціц», – перадае ўкраінскае выданне Unian.

«Пры гэтым беларускае КДБ намякае на правакацыю з ужываннем метадаў 1939 года – правакацыі немцаў з выкарыстаннем польскай формы адзення. Беларускі кэдэбіст таксама папярэдзіў польскіх, украінскіх і прыбалтыйскіх калегаў, што гэта «некантралюемая зброя, якая можа быць звернута супраць куратараў”. Між тым сітуацыя на мяжы Польшчы і Беларусі – насцярожвае.

Польшча атрымае ад ЗША верталёты Apache, якія будуць працаваць паблізу Беларусі. Як паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак, Вашынгтон прадаставіць Варшаве гэтую тэхніку з уласных запасаў. Яны будуць працаваць на ўсходнім флангу НАТА. Таксама Польшча не прапусціла самалёт „Белавія”, які ляцеў з Менска ў Барселону. Прычына была ў тым, што ягоны маршрут таксама праходзіў праз Францыю, а яна забараніла „Белавія” лятаць над сваёй тэрыторыяй. Самалёт быў вымушаны вяртацца ў Менск», – піша ўкраінскае выданне.

Падчас візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зялtнскага ў Вашынгтон прэзідэнт ЗША Джо Байдэн праявіў стрыманасць па пытанні фінансавых сродкаў для Украіны, заблакіраваных рэспубліканцамі. Акрамя таго, ён заявіў, што ў ваенным плане ЗША будуць падтрымліваць Украіну «столькі, колькі змогуць», а не «столькі, колькі спатрэбіцца», як ён заяўляў раней. З прычыны патавай сітуацыі на фронце ў еўрапейскай прэсе таксама множацца галасы, якія заклікаюць шукаць новыя падыходы і варыянты. «ЗША падштурхоўваюць Кіеў да прынцыповай змены стратэгіі», – паведамляе заграбская Jutarnji list.

«Паводле інфармацыі газеты New York Times, галоўнакамандуючыя ЗША і Украіны шукаюць новую стратэгію ў вайне супраць Расіі, якую Украіна магла б прымяніць ужо ў пачатку 2024 года. Так, ЗША прапануюць і нават настойваюць на стратэгіі, у адпаведнасці з якой замест спроб адваёвы тэрыторый Украіна засяродзілася б на абароне. Таму ставіцца пад пытанне мэтазгоднасць новага, ужо заяўленага было контрнаступлення, якое намячалася на вясну 2024 года – як толькі пачне раставаць снег. ЗША лічаць, што ў цяперашняй сітуацыі выйграць не можа ніводны з бакоў, а значыць, у цяперашні час прыярытэтнай задачай, на думку Вашынгтона, павінна стаць прадухіленне сітуацыі, пры якой Украіне пагражала б паражэнне ў вайне», – падкрэслівае харвацкае выданне.

Новым прэм’ер-міністрам Польшчы стаў Дональд Туск. У аўторак ён быў зацверджаны на пасадзе кіраўніка ўрада, які складаецца з прадстаўнікоў ліберальна-кансерватыўнай Грамадзянскай кааліцыі, хрысціянскай Польскай сялянскай партыі, партыі Польшча 2050 і Левых. У панядзелак папярэднік Туска Матэвуш Маравецкі (ПіС) прайграў галасаванне па пытанні аб даверы. Аглядальнікі вітаюць новы ўрад, але адзначаюць тое, што яго чакае шмат перашкод. Так мадрыдская газета El País звязвае з новым прэм’ерам вялікія чаканні.

«У часы, калі узнімаюць галаву ўльтраправыя і паўсюдна аказваюць усё большы ціск на кансерватыўныя партыі і падштурхоўваюць іх да экстрэмізму, поспех Туска – гэта сігнал надзеі. Ён цалкам змог бы паўплываць на вынікі выбараў у Еўрапарламент, якія адбудуцца ў чэрвені, і найперш таму, што сігнал гэты паступае з адной з найбуйнейшых і стратэгічна важных краін Еўразвяза. Для таго, каб нагнаць упушчаныя восем гадоў, Туск павінен дэпалітызаваць судовую сістэму, аднавіць незалежнасць СМІ, умацаваць правы жанчын – і даць адпор гамафобіі, якую прасоўвае партыяй ПіС. Прамова Туска, у якой ён заявіў пра тое, што сіла і суверэннасць Польшчы раўназначныя сіле і суверэннасці Еўразвяза, была ўзорнай», – ухваляе гішпанскае выданне.

Нацыянальны сход Францыі адхіліў праект закона аб міграцыйнай палітыцы, пры дапамозе якога ўрад, паводле яго слоў, меў намер абмежаваць нерэгулярную іміграцыю і ў той жа час самы час палепшыць інтэграцыю. Як апазіцыя з ліку левых, так і кансерватары і правыя папулісты прагаласавалі супраць. Швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung выступае за ўзмацненне жорсткасці міграцыйнай палітыкі.

«Грамадзяне чакаюць ад урада дзеянняў. Але ён дэманструе сваю недзеяздольнасць. Нядзіўна, што людзі губляюць давер і звяртаюцца да тых, хто займае больш выразную пазіцыю. Калі гаворка ідзе аб іміграцыі, такімі з’яўляюцца кансерватары, але яшчэ ў большай ступені – партыя Нацыянальнае аб’яднанне, якая ўжо стала найбуйнейшай апазіцыйнай сілай. Калі Эманюэль Макрон не жадае застацца ў гісторыі як чалавек, які праклаў шлях да прэзідэнцтва, то ён і яго паплечнікі павінны заняць больш выразную пазіцыю па самых актуальных пытаннях», – нагадвае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.