Хакейная зборная Беларусі выбыла ў чвэрцьфінале



На чэмпіянаце свету па хакеі, што праходзіць у Чэхіі, настала пара чвэрцьфіналаў.

Першымі на лёд выйшлі дружыны ЗША і Швайцарыі. Амерыканскія хакеісты лічыліся фаварытамі, аднак у першым перыядзе еўрапейцы ўдала стрымлівалі іх атакі, а самы здзейснілі ўдалую камбінацыю, якую трапна завяршыў Раман Ёсі. У другім перыядзе цягам фактычна хвіліны амерыканцы двойчы прымусілі капітуляваць брамніка суперніка – закінутыя шайбы на рахунку Бена Сміта і Чарлі Койла. У апошняй траціне на 51-й хвіліне зорна-паласатыя правялі ўдалую контратаку – шайбу закінуў Джэйк Гардзінэр. Выніковыя – 3:1.

Такім чынам першым паўфіналістам стала зборная ЗША.

Беларуская зборная не здолела на роўных супрацьдзеіць моцнай камандзе Канады. Ужо ў першым перыядзе „клёнавыя лісты” даслалі ў брамку нашага галкіпера Кевіна Лаланда чатыры шайбы. Вызначыліся Брэнт Бёрнс (1-я хвіліна),  Тайлер Эніс (8-я), Раян О’Райлі (11-я),  Тайлер Сегін (18-я). На 24-й хвіліне той жа Сегін забіў яшчэ. Потым дубль аформіў Бёрнс. Канчатковы ж лік сустрэчы – 9:0.

У паўфінал без праблемаў выйшла дружына Канады.

Іншыя сустрэчы завяршыліся так: Расея-Швецыя –5:3, Чэхія – Фінляндыя – 5:3. У паўфіналах спаткаюцца ЗША – Расея і Канада – Чэхія.

Беларускае Радыё Рацыя