Што дасць Беларусі ўступленне ў Балонскі працэс?



Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў пракаментаваў уступленне Беларусі ў Балонскі працэс і распавёў, якія прэферэнцыі краіна можа атрымаць з гэтага.

Анатоль Паўлаў: З пункту гледжання вышэйшай адукацыі, гэты факт – проста цудоўны! Я таксама быў прыхільнікам інтэграцыі беларускай адукацыйнай сістэмы ў сучаснае грамадства. Зараз фактычна адбыўся працэс фармальнай інтэграцыі ў адукацыйны працэс вышэйшай школы Еўропы. І гэта добра. Бо, калі разумна выкарыстоўваць гэты момант, можна мець вялікія прэферэнцыі. Але пытанне ў іншым: як выкарыстаем такі шанец? Калі проста вырашылі правесці піяр-акцыю, то гэта адзін момант. Калі плануецца сур’ёзная работа, – зусім іншы.

РР: Яшчэ зусім нядаўна Беларусь не прымалі ў Балонскі працэс. Што змянілася зараз у сістэме адукацыі?

Анатоль Паўлаў: Чуў, што Міністэрстве адукацыі адкрылі нейкі студэнцкі савет… Але, наколькі вядома, асноўныя моманты (акадэмічныя свабоды, абранне, а не прызначэнне рэктара) – застаюцца на месцы. У гэтым накірунку нічога не змяняецца.

РР: Тады чаму краіну прынялі ў Балонскі працэс?

Анатоль Паўлаў: А гэта ўжо не да мяне пытанне… Можа быць, такі своеасаблівы аванс. Маўляў, мы вам даем шанц інтэгравацца ў еўрапейскую адукацыю, скарыстайцеся ім. Ізноў-такі – ці захочуць скарыстацца? Я шмат пісаў, што нават пры савецкай сістэме рэктара абіралі галасаваннем, а не прызначалі. У нас ад прызначэння, відаць, адыходзіць не збіраюцца. І, тым не менш, уступленне ў Балонскі працэс – гэта добра. Больш магчымасцей будзе ў студэнтаў, лягчэй стане запрашаць выкладчыкаў з-за мяжы, каб чытаць пэўныя курсы.

РР: Ці будуць зараз мець вагу за мяжой беларускія дыпломы?

Анатоль Паўлаў: На першым этапе, напэўна, не будуць. А ў будучым ўсё магчыма, хоць для гэтага прыйдзецца зрабіць вялізную працу. Сумесна з еўрапейцамі ў межах Балонскага працэса неабходна скаардынаваць нашы вучэбныя планы. Калі мы ўжо ўступілі ў працэс, то трэба асбалівую ўвага надаць і вывучэнню замежных моваў. А што ў нас адбываецца? Кожны год скарачаецца колькасць гадзін на вывучэнне замежных моваў. У свой час мы ставілі задачу, каб студэнты ведалі дзве замежныя мовы, пад гэта вызначалася фінансаванне, стварылі групы, шукалі розныя формы навучэння. Пра якую еўрапейскую інтэграцыю можна казаць, калі студэнты не будуць ведаць замежную мову? Таму, паўтаруся, уступленне ў Балонскі працэс – станоўчы факт. Але выдадзены аванс Беларусь яшчэ павінна апраўдаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота omvuz.ru