Валерый Карбалевіч: “Беларускае пытанне” ў ЕЗ не на першым плане



Міністр замежных спраў Уладзімір Макей не верыць, што Еўрасаюз адрэагуе на вызваленне Алеся Бяляцкага.

0,,15972917_303,00

Палітолаг Валерый Карбалевіч кажа, што пасля вызвалення праваабаронцы афіцыйны Менск вельмі хацеў бы пабачыць нейкія “знакі ўвагі” з боку Захаду.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей ў інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» заявіў: “Нават калі б мы вызвалілі тых, каго яны называюць палітвязнямі, то нам заўтра будуць выстаўленыя новыя прэтэнзіі. Напрыклад, чаму ў Беларусі не рэгіструюцца аднаполыя шлюбы. Да нас бы выказалі прэтэнзіі, што дзеці называюць бацькоў «мама» і «тата», а не так, як патрабуецца там – «бацькі №1 і №2»… І гэдак далей”.

РР: Відавочна, што Алеся Бяляцкага ўлады вызвалілі не проста так, а таму выклікаюць некаторае здзіўленне прэтэнзіі Макея да Еўразвяза. Каму яны адрасаваны ў першую чаргу?

Валерый Карбалевіч: Міністр замежных спраў Беларусі павінен добра ведаць умовы нармалізацыі дачыненняў з Еўропай. Адна з галоўных – вызваленне палітвязняў, пасля чаго і можа распачацца размова. Таму заяву Макея, на мой погляд, трэба разглядаць з двух бакоў. Першы – гэта такі прапагандысцкі прыём, якія неаднаразова выкарыстоўваецца беларускай прапагандай, калі заходнія каштоўнасці і мадэль жыцця праецыру.цца толькі на існаванне ў Еўропе сэксуальных меншасцяў. Другі момант – Менск падае сігнал Захаду, што Беларусь чакае нейкіх канкрэтных крокаў ад Еўропы ў адказ на вызваленне Бяляцкага. Маўляў, мы пайшлі вам насустрач – пакажыце і свае дзеянні.

РР: А якія крокі з боку Еўразвяза хацелі б бачыць беларускія ўлады?

Валерый Карбалевіч: Можа быць, ліквідацыю нейкіх візавых ці эканамічных санкцый адносна некаторых беларускіх алігархаў. ЗША таксама не адмянялі свае санкцыі датычна прадпрыемстваў “Белнафтахіма”. А можа і проста афіцыйны Менск быў бы задаволены запрашэннем Лукашэнкі на нейкую еўрапейскую тусоўку, як у свой час афіцыйнага беларускага лідара запрасілі ў Літву. Думаю, для беларускай улада гэта быў бы таксама знакавы сігнал, і, магчыма, пасля гэтага на волю б выйшлі і астатнія палітвязні.

РР: Як мяркуеце: ці пойдзе Еўропа на такія крокі?

Валерый Карбалевіч: Цяжка сказаць, таму што зараз у Еўразвязе “беларускае пытанне” знаходзіцца не на першым плане. У прыярытэце – українскі крызіс, а таму на розныя сігналы з боку Беларусі там могуць проста не звернуць увагі. Думаю, ужо ў бліжэйшы час даведаемся, як будуць развівацца падзеі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота dw.de