БХД не будзе вылучаць кандыдата на прэзідэнцкую кампанію



Аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» не будзе вылучаць свайго кандыдата на прэзідэнцкую кампанію 2015 года і таксама не будзе падтрымліваць непасрэдна ніводнага з кандыдатаў. Разам з тым БХД гатовая да супрацоўніцтва з дэмакратычнымі кандыдатамі, блізкімі па пазіцыях, поглядах і каштоўнасцях да беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.

Такое рашэнне на сваім паседжанні прыняла Нацыянальная рада аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», паведамляе прэс-служба БХД.  «У Беларусі не толькі няма свабодных і справядлівых выбараў. За 20 год практычна ўлада робіць немагчымай працу незалежных прафсаюзаў, знішчаная незалежныя судовая сістэма, асноўным аб’ектам, на які накіраваны прыгнёт улады становіцца не апазіцыя, а беларускі народ. Прыняцце апошніх антынародных законаў (падатак «на дармаедства”, ціск на прадпрымальнікаў, працоўных) — таму яскравыя прыклады.

БХД правядзе кампанію падтрымкі Міколы Статкевіча і іншых палітвязняў, а таксама масавы збор подпісаў і прэзентацыю праграмнай альтэрнатывы «Урад для народа», — падкрэсліў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Беларускае Радыё Рацыя