Жыхары дома № 21 па вуліцы Міцкевіча ў Берасці супраць адсялення



Жыхары дома № 21 па вуліцы Міцкевіча ў Берасці не хочуць пакідаць свае кватэры і перасяляцца ў іншыя дамы. У межах вуліц Міцкевіча, Камсамольская, Савецкая і Пушкінская запланаваны замежны інвестыцыйны праект. Для яго рэалізацыі трэба адсяліць грамадзян. Пакуль дом па вуліцы Міцкевіча паводле дакументаў не аварыйны, шыльды аб тым, што ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і таму не можа быць знесены – няма. Жыхары дома № 21 па вуліцы Міцкевіча патлумачылі, чаму яны не хочуць пакідаць сваё жыллё:

– Мы не згодныя нікуды адсюль пераязджаць. Цэнтр горада – нас тут усё задавальняе.

– Не хачу адсюль з’язджаць. І больш нічога. Хачу зрабіць рамонт і жыць нармальна. Таму што мне тут жыллё задавальняе – гэты двор, гэты дом.

– Тым больш, што гэты дом не ў аварыйным стане. Добры дом. Няхай вакол будуюць. У двары можна будаваць, але дом можна пакінуць.

Калі людзі пагадзіліся і паставілі свой подпіс пад паперамі аб перасяленні, то сітуацыя неадваротная, – лічыць берасцейскі праваабаронца Уладзімір Малей:

– Праблема павінна ўзнікнуць з таго моманту, што яны на такіх умовах не згодныя. Трэба было адразу патрабаваць з-за таго, што жылыя памяшканні знаходзяцца ў цэнтры горада, нейкія адпаведныя кампенсацыі. Або грашовая. Або ў выглядзе добрых жылых памяшканняў.

Грамадскае абмеркаванне на прадмет рэалізацыі інвестыцыйнага праекта і неабходнасці адсялення грамадзян, згодна юрыдычных нормаў, прайшло з 3 па 18 сакавіка гэтага года. Са словаў жыхароў дома, на практыцы абмеркавання не было, аднак ніхто з жыльцоў гэта не зафіксаваў і скаргу не напісаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота virtual.brest.by