Алеся Макаева арыштавалі на 15 сутак (абноўлена)



28 ліпеня суддзя Маскоўскага раёну Максім Сушко прысудзіў аднаго з лідараў прадпрымальніцкага руху – Алеся Макаева да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведаміла праваабаронца Наста Лойка, яго асудзілі нібыта за непадапарадкаванне міліцыі і брыдкаслоў’е.

 – Гэта вельмі паказальна – яго асудзілі па двух вельмі брутальных артыкулах – за непадапарадкаванне міліцыі і за тое, што быццам бы лаяўся матам.

Алесь Макаеў быў затрыманы ўвечары 27 ліпеня каля Чырвонага касцёлу, дзе адбываюцца малітвы за вызваленне палітвязьняў. Падчас малебну ён узняў бел-чырвона-белы сцяг у гонар гадавіны абвяшчэння дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі.

Акрамя падсуднага і сведкаў-міліцыянтаў у суд нікога больш не пусцілі.

У Маскоўскім судзе Менску разглядаюць справу прадпрымальніка Алеся Макаева. Суддзя Максім Сушко пагадзіўся весці працэс па-беларуску і карыстаецца мовай.

Алеся Макаева судзяць па двух артыкулах – за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Як кажуць актывісты, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Макаева, звычайна гэта азначае ня менш за 20 сутак арышту. Алесь Макаеў сваёй віны не прызнае.

Як паведаміла грамадcкая актывістка Галіна Сіўчык, нікога акрамя падсуднага, адваката і сведкаў у залe паседжання не пусцілі, аднак вядома, што Макаева, акрамя ўзняцця бел-чырвона-белага сцягу 27 ліпеня, абвіанвачваюць у брыдкаслоў’і.

 – Суд пачалі ў гадзіну трыццаць. Нас на працэс не пусілі. А сведкі заявілі, што ён быццам бы лаяўся матам. Гэта настолькі абсурдна… У той час у двары касцёла ксяндзы асвячалі аўтамабілі, немагчыма там лаяцца ў прысутнасці ксяндза.

 Алесь Макаеў быў затрыманы напярэдадні падчас традыцыйнага малебну каля касцёлу Сымона і Алены, дзе узняў бел-чырвона-белы сцяг для адзначэння гадавіны прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі і за вызваленне палітвязняў.

У Маскоўскі суд у Менску прывезлі Алеся Макаева, якога затрымалі ўвечары пасля малітвы за палітвязняў. Учарашняя малітва праходзіла пад бел-чырвона-белым сцягам, які разгарнуў Алесь Макаеў з нагоды Дня Незалежнасці.

Па словах актывісткі Галіны Сіўчык, Макаеву не далі пратакол затрымання для азнаямлення, так што па-ранейшаму невядома, што міліцыянты інкрымінуюць актывісту.

Галіна Сіўчык: Прывезлі Алеся. Вось яго зараз вядуць. Адчыняюць дзверы. Канвой. Алесь, прывітанне ад Радыё Рацыя.

Алесь Макаеў: Жыве Беларусь!

Галіна Сіўчык: Зараз мы ідзём у кабінет суддзі. З 13 да 14 абедзены перапынак у судзе. Алесю не далі нават пратакол для азнаямлення.

Першапачаткова суд над Алесем Макаевым меў адбыцца а 10-й гадзіне паводле менскага часу. Ноч Макаеў правёў у Маскоўскім РАУСе ў Менску.

* * *

Алеся Макаева, аднаго з лідараў руху салідарнасці «Разам», яшчэ не прывезлі ў Маскоўскі суд, пра што паведаміла Галіна Сіўчык.

На сёння на 10-ю гадзін паводле менскага часу быў прызначаны суд, каля суда сабраліся 15 актывістаў:

– Чакам каля суда. Яго яшчэ не прывезлі, і як заўсёды немагчыма даведацца: дзе, што і калі. Гэта нашая такая сістэма. У судзе нічога не ведаюць. Мы былі ў канцэлярыі, у канцэлярыі сказалі, што Алеся яшчэ не прывезлі, таму яны не могуць нічога сказаць. Каля суда чалавек 15 ёсць.

Алесь Макаеў быў затрыманы ўвечары пасля штодзённай малітвы, якую ладзяць актывісты каля скульптуры Архангела Міхаіла на плошчы Незалежнасці ў Менску. У сувязі з тым, што ўчора адзначалі 24-ыя ўгодкі абвяшчэння суверэнітэту краіны, Алесь Макаеў узняў бел-чырвона-белы сцяг.

Пасля заканчэння малебна Макаева затрымалі. Ноч актывіст правёў у Маскоўскі РАУСе.

* * *

У Маскоўскім судзе ў Менску сёння павінен пачацца суд над адным з лідараў прадпрымальніцкага руху ў Беларусі Алесем Макаевым. Вечарам міліцыянты схапілі яго пасля малітвы за палітвязняў, падчас якой ён ўзняў бел-чырвона-белы сцяг. Ноч актывіст правёў у Маскоўскім РАУСе, паведаміла Галіна Сіўчык:

– Там бетонная падлога, бетонныя сцены. Няма дзе прылегчы. Яго затрымалі пасля нашага штовечаровага малітоўнага, як мы называем, майдану. Гэта наш марафон малітоўны, мы яго ўжо праводзім 1301 дзень. Учора было свята – Дзень Незалежнасці. Дзень Незалежнасці быў прыняты пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй» – тады гэтыя сімвалы былі дзяржаўнымі. Алесь узняў гэты сцяг.

24 гады таму 27 ліпеня Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. З 1991 да 1996 года да гэтай даты было прымеркавана галоўнае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці.

* * *

Алеся Макаева, намесніка старшыні руху «Разам» і аднаго з лідараў прадпрымальніцкага руху ў Беларусі, будуць судзіць сёння а 10-й гадзіне ў Маскоўскім судзе ў Менску.

Пра гэта паведаміла грамадская актывістка Галіна Сіўчык:

„Увечары, падчас штодзённай малітвы за палітвязняў, якую актывісты праводзяць ля скульптуры Архангела Міхаіла на плошчы Незалежнасці ў Менску, Алесь Макаеў узняў бел-чырвона-белы сцяг, пасля малітвы ён накіраваўся да сваей машыны, дзе яго чакалі міліцыянты”, – распавяла Галіна Сіўчык.

А там яго ўжо чакалі каля ягонай машыны, і мы нават не бачылі, як яго схапілі і павезлі ў РАУС. Ён толькі мне паспеў патэлефанаваць хуценька, што ён у Маскоўскім РАУСе. Мы туды пад’ехалі. Яго, канешне, не вызвалілі, таму што большага ворага, чым чалавек, які гаворыць па-беларуску і паважае свае святыні, у нашай улады няма. Паведамілі, што заўтра яны прывязуць Алеся а 10-й у суд Маскоўскага раёна. Мы папрасілі перадаць ваду і ежу, нам сказалі, што ў нас не кормяць, але ж ваду мы перадалі.

Ноч Алесь Макаеў правёў у Маскоўскім РАУСе. Малебен пад бел-чырвона-белым сцягам быў прымеркаваны да дня Незалежнасці.

24 гады таму 27 ліпеня Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. З 1991 да 1996 года да гэтай даты было прымеркавана галоўнае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці.

Беларускае Радыё Рацыя