Мы



Як асобны чалавек, так і народ у цэлым  мае сваю гісторыю, свой лёс, якія фармуюць нацыянальны характар. І ён бывае далёка не той, які хацелася б мець. Але прыходзіцца задавальняцца тым, што склалася цягам  стагоддзяў. Істотна толькі цвяроза, без ілюзій,ацаніць свае магчымасці.

Яшчэ не так даўно школьныя падручнікі пераконвалі нас, што гісторыя Беларусі пачалася з 1917 года, а дагэтуль як бы нічога й не было. Гэта, вядома, не так, – але праблема ў тым, што перыяд Полацкага Княства,

ці ВКЛ, настолькі аддалены ў часе, што звесткі пра іх набываюць легендарны характар. І Беларусь, па вялікім рахунку, у яе сучасным разуменні, пачалася дзесь у часы Францішка Багушэвіча. Скарына быў бы бясконца здзіўлены, калі б даведаўся, што ён карыстаўся „старабеларускай” мовай.

Мы – адна з самых маладых нацый на Зямлі, адсюль нашы перавагі і слабасці. Вядома ж, мы ганарымся і Скарынам, і перамогай пад Оршай, але гэта ўсё аддзелена ад нас такой часавай праслойкай, што тыя падзеі

маюць на нас, цяперашніх, мінімальны, сімвалічны ўплыў. Ці ж надта дапамагае сучаснай Манголіі тое, што яна спадкаемца магутнага Чынгіз – хана?

Куды большы адбітак на наш менталітэт наклалі стагоддзі, праведзеныя ў маскоўскім рабстве, ды крывавыя войны, развязаныя не намі і не ў нашых інтарэсах. Адсюль галоўны імператыў, якім кіруюцца беларусы – выжыць любым коштам, калі нельга перамагчы чужынскую ўладу, то падладзіцца, прыстасавацца да яе.

Мы не маем ані комплексу месіянства, ані тым больш фанабэрыі імперскасці, як наш усходні сусед. Беларусы ніколі нікога не заваёўвалі і не прыгняталі. І калі татары Віленскага краю абеларусіліся, што даводзяць Аль-Кітабы на беларускай мове, то гэта адблося не гвалтам.

Бяда ў тым, што за стагоддзі вымушанага суіснавання мы перанялі ва ўсходняга суседа найгоршую рысу – халопства, згоду на рабскае існаванне. Абы не білі! Гэта наша славутая „памяркоўнасць” робіць Беларусь такой прывабнай для захопнікаў з Усходу і Захаду. І калі палякі успрымаюць разборы Польшчы як найвялікшую нацыянальную трагедыю, то ў нас нават тэрміну такога няма. А цяпер, калі шмат пішуць пра дамову Молатава-Рыбентропа, нават расейскі ліберальны друк пастаянна піша,што Сталін адхапіў „кавалак Польшчы”. І ніхто ў Беларусі не абураецца, не пратэстуе, што гэта была не Польшча, а самая што ні на ёсць Беларусь…

Цяпер ужо не сакрэт, што славутае партызанскае супраціўленне Беларусі было інспіравана, з аднаго боку, правакацыямі НКВД, з другога – гітлераўскімі зверствамі. Калі б не гэта, беларусы, змучаныя сталіншчынай, Курапатамі і калгасамі, не паўсталі б супраць немцаў – тым больш, што яшчэ памяталі немцаў з той першай вайны, калі яны паводзілі сябе па-людзку. Але зло не бывае мудрым, і Гітлер атрымаў і піянераў-герояў, і рэйкавую вайну.

І Беларусь, і Расея належаць да цывілізацыі жаночага тыпу. Гэта значыць, што яна можа спарадзіць і ўдасканаліць мноства рэчаў, але „запладніць” яе мусіць хтось іншы. Ніводная ідэя, якая рухала наперад і змяняла свет, не нарадзілася на гэтых прасторах. Усё прыўнесена звонку – пісьмовасць, рэлігія, навука, тэхнічныя дасягненні, усё – усё мае замежныя карані. Расея ХІХ стагоддзя праславілася выдатнай літаратурай, музыкай, славутыя Дзягілеўскія балеты зачаравалі Парыж… Але ж аповесці, раманы, сімфоніі і санаты як мастацкія формы зарадзіліся на Захадзе. Нават бальшавізм, які ўспрымаецца як чыста расейская праява, прыйшоў з Еўропы пад выглядам марксізму. Немагчыма назваць ніводнай ідэі, ніводнага вынаходніцтва, якое б зарадзілася тут, на нашых прасторах, і паўплывала б на Захад.

Мы асуджаны толькі пераймаць і даганяць, – і, відаць, навечна. Наша памяркоўнасць мае і дадатныя бакі. Нам не ўласцівы ніякія крайнасці; у Беларусі ніколі не было рэлігійнага фанатызму. Мы не маем легіёнаў святых, затое не мелі ані вогнішчаў інквізіцыі, ані Варфаламееўскай ночы. Як ні палымяна прапаведуе спадар Севярынец, Саванаролы з яго не атрымаецца. Не той тэмперамент, не тое асяроддзе, і не той час.  Гісторыя не зафіксавала і сутычак на нацыянальнай глебе з такімі адрознымі этнасамі, як літоўцы ці татары.

Бяда не толькі ў тым, што мы адсталі ад цывілізаванага свету на многія і многія дзесяцігоддзі, а ў тым, што мы пачалі рух у адваротным кірунку. І Беларусь, і самазваны „старэйшы брат”.

Захад імкліва мяняе свет, развіваючы навуку і тэхналогіі, вырашаючы ўсё новыя і новыя набалелыя і актуальныя праблемы. Ілон Маск у ЗША заняўся вытворчасцю суперакумулятараў, якія рэвалюцыянізуюць аўмамабілебудаўніцтва, бо зробяць магчымым у бліжэйшай будучыні перайсці на электраэнергію, якая будзе здабывацца ад сонца і ветру, і тым самым адмовіцца ад нафтагазавай залежнасці. А гэта поўнасцю зменіць міжнародныя адносіны і вобраз жыцця. Інтэрнэт і мабільная сувязь ужо ўплываюць на нашы адносіны. У нас жа Севярынец бачыць вырашэнне ўсіх праблем у татальнай хрысціянізацыі. І заклікае друкаваць масавымі накладамі не навуковую літаратуру, а Біблію.У Расеі праваславізацыя ахапіла ўсе сферы жыцця. У школах замест астраноміі у ХХІ стагоддзі выкладаюць рэлігію. Па краіне урачыста возяць розныя „мошчы”, „паясы Багародзіцы”, а цяпер — „дзясніцу” Георгія – пабеданосца, які ніколі не існаваў, тым не меньш, 6 (шэсць!) галоваў якога захоўваюцца ў розных храмах…Гэтым артэфактам, шчыра верачы ў іх магічную сілу, пакланяюцца сотні тысяч на чале з прэзідэнтам.

У той жа час, калі славутаму „Уралвагонзаводу” даручылі распрацаваць сучасны трамвай для Масквы, пасля бясплодных спробаў гэта зрабіць, было вырашана проста закупіць польскія… Немцу ці англічаніну, каб быць самім сабой, дастаткова такім нарадзіцца. Беларусу, каб стаць беларусам, трэба прайсці пакутлівы шлях самаўсведамлення, пераадолець варожасць асяроддзя і дзяржаўнай машыны.

Пагэтаму дзіўна не тое, што мы такія, якія ёсць, а што ўвогуле, нягледзячы ні на што, існуём і змагаемся.

І гэта дае надзею…

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ