Ці зацікавіцца прыватны бізнес кітайскімі крэдытамі?



Эканаміст Барыс Жаліба распавядае, якім чынам прыватны бізнес у Беларусі можа скарыстацца кітайскай крэдытнай лініяй.

Новыя крэдытныя лініі для Беларусі ад Кітая будуць выкарыстаны ў тым ліку для развіцця прыватнага бізнесу, заявіў Лукашэнка падчас наведвання МТЗ.

„Я хачу гэтыя крэдыты і малому бізнесу аддаць, прыватнікам, – сказаў ён. – Няхай бяруць, але каб былі жалезныя гарантыі вяртання. Трэба сёння хутчэй ствараць альтэрнатыўную эканоміку, каб прыватнік прыходзіў і працаваў. Няхай развіваюцца”.

Барыс Жаліба: Кітайскія крэдыты – інвестыцыйныя і звязаныя. Яны напаўняюцца ў асноўным не жывымі грашыма, а кітайскім абсталяваннем, тэхналогіямі і г.д. Гэта першае. Па-другое, прыватніку пад гэтыя крэдыты неабходна мець сур’ёзны бізнес-план. Прыватнік павінен мець буйны бізнес. Калі гэта прыватныя прадпрыемствы алігархаў, то сітуацыю яшчэ можна зразумець. Але малому ці нават сярэдняму бізнесу складана будзе скласці бізнес-план. Трэба наймаць спецыялістаў, за ўсё гэта шмат плаціць… Ды я і не разумею, як сярэднія прадпрыемствы змогуць купляць кітайскія тэхналогіі ці тэхніку. Так што, на мой погляд, альбо за гэтымі словамі нічога не стаіць, альбо крэдытныя лініі адкрыюць для прадпрыемстваў алігархаў

РР: Прагучала яшчэ і заява, што трэба “хутчэй ствараць альтэрнатыўную эканоміку, каб прыватнік прыходзіў і працаваў”.

Барыс Жаліба: Словы, безумоўна, правільныя, але ў такім выпадку неабходна змяняць і эканамічную мадэль дзяржавы. У развітых краінах менавіта малы і сярэдні бізнес стварае асноўную частку УВП, а ў нас жа дамінуе дзяржава ў асобе сваіх прадпрыемстваў. Нічога ж не змяняецца, а казаць можна што заўгодна.

РР: На ваш погляд, як краіна выкарыстае кітайскія крэдыты?

Барыс Жаліба: Магчыма, грошы пойдуць на развіццё “Беларускалія”, у накірунку іншых інвестыцыйных праектаў… Іншая справа, што кітайскія тэхналогіі – не самыя сучасныя, ёсць прэтэнзіі да якасці. Хоць візіт кітайскага кіраўніка і дамоўленасці ацэньваю станоўча. Хоць нейкі рух пачнецца. Праўда, ён наўрад ці выратуе ад знешніх пазыкаў, якія ўжо маем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя