У Менску адбылася канферэнцыя „Люстрацыя для Беларусі”
Па словах аднаго з яе арганізатараў і распрацоўшчыкаў канцэпцыі люстрацыі Вацлава Арэшкі, каб краіна ўпэўнена рухалася наперад, з мінулым патрэбна развітацца.
На канферэнцыі былі падведзены вынікі працы групы, якая ўжо працяглы час рыхтуе гэты дакумент. Рабочы варыянт канцэпцыі ўжо гатовы. Наступным этапам працы стане папулярызацыя гэтай канцэпцыі ў грамадстве, – кажа Вацлаў Арэшка.
– Мы паспрабуем размаўляць з грамадствам, выходзіць на больш шырокае кола. Для таго, каб разуменне, што з мінулым трэба разлічвацца, стала часткай грамадскай свядомасці. Калі гэтага не зрабіць, калі з мінулым не развітацца ў пэўны час, і дастаткова цывілізавана, то альбо мінулае вяртаецца, альбо самі мы штосьці забываем і робімся часткай таго самага мінулага, а не будучыні.
Галоўная мэта канцэпцыі люстрацыі – не столькі распрацоўка будучых законаў для яе, колькі менавіта размова з грамадствам на гэтую тэму. Распрацоўшчыкі канцэпцыі лічаць, што люстрацыя павінна ахопліваць як савецкі, так і аўтарытарны перыяд, які пачаўся ў 90-я годы.
Вацлаў Арэшка падкрэсліў, што люстрацыя – гэта не помства і не пакаранне, а спроба абараніць дэмакратыю і грамадства ад тых, хто мысліць і працуе недэмакратычна, хто спрыяў стварэнню аўтарытарных і таталітарных рэжымаў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.