Пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй за вызваленне палітвязняў
Праваабаронцы апублікавалі сумесную петыцыю да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем вызваліць усіх палітычных зняволеных. Яе ініцыявалі Праваабарончы цэнтар «Вясна», швейцарска-нямецкая асацыяцыя «Libereco — Партнэрства за правы чалавека» і незалежная праваабарончая арганізацыя «Freedom House». У петыцыі гаворыцца, што ў Беларусі з палітычных матываў за кратамі ўтрымліваюцца шэсць чалавек — Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка і Юры Рубцоў.
«Будучы краінай, якая ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Беларусь мае абавязак забяспечваць права на справядлівы і бесстаронні суд і павінна была забяспечыць гэтае права ўсім асобам з гэтага спісу. “Мы хацелі б нагадаць пра міжнародныя абавязанні Беларусі і заклікаем Вас забяспечыць правы на свабоду выказванняў, сходаў і аб’яднанняў усім людзям Беларусі», — гаворыцца ў петыцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота 34mag.net