З’езд БХД можа прайсці на плошчы Свабоды ў Менску (абноўлена)
Аргкамітэт па стварэнню Партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” пакуль не здолеў знайсці памяшканне для правядзення справаздачна-выбарчага з’езду, які запланаваны на 13 чэрвеня.
Усе заяўкі на арэнду залаў адхілены. Таму вырашана правесці мерпрыемства пад адкрытым небам — на плошчы Свабоды ў Менску.
Па словах адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага, заяўка на правядзенне з’езду пададзена ў Менгарвыканкам:
– За тры месяцы да з’езду падалі заяўкі ва ўсе памяшканні горада Менску, якія падыходзяць для нас па памеры для правядзення ўстаноўчага мерапрыемства. На дадзены момант маем ужо адмовы ад усіх установаў, частка з якіх спачатку пагаджалася, а пасля праз пару гадзінаў ператлефаноўвалі і казалі, што служба бяспекі забараніла. У ДК Трактарнага заводу, дзе папярэднія з’езды праходзілі, спасылаюцца, што яны будуць праводзіць падрыхтоўчыя працы для магчымага рамонту.
Усяго заяўкі былі накіраваны ў 13 установаў, якія б маглі прадставіць адпаведныя залы для правядзення мерапрыемства.
Атрымаўшы адмовы, аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі вырашыў падаць заяўку на правядзенне з’езду 13 чэрвеня на плошчы Свабоды ў Менску. Пачатак у 11 гадзін.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Такое рашэнне прыняла Нацыянальная Рада аргкамітэту па стварэнні партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” на сваім паседжанні, нягледзячы на паступаючыя адмовы ў прадастаўленні памяшканняў для ўстаноўчага з’езду партыі. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначае, што звычайна атрымліваецца вырашыць пытанне з памяшканнем за некалькі дзён да правядзення з’езду.
– Яшчэ невядома. Памяшканне мы не знайшлі. У нас ёсць толькі адмоўныя адказы. Вось толькі ДК “Сукно” і ДК МТЗ засталіся, у прынцыпе, гэта там, дзе звычайна даюць дазвол. Паглядзім. Спадзяемся, што і ў гэты раз дазвол будзе. Звычайна яны робяць такі сюрпрыз – дазвол даюць за 2-3 дні да правядзення з’езда. Мы маем спадзеў, што і ў гэты раз памяшканне будзе. Але тым ні менш, нягледзячы на дазволы і недазволы, з’езд пройдзе. Па памяшканні будзе яшчэ ўдакладненне.
БХД – адзіныя хрысціянскія дэмакраты ў Еўропе, якая дагэтуль не зарэгістраваныя, паведамляе сайт аргкамітэту па стварэнні партыі. „Калі не будзе памяшкання, з’езд будзе праведзены на вольным паветры ў цэнтры Менска”, – гаворыцца ў адпаведным рашэнні.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя