Леанід Кулакоў: Я прайшоў праз “камеру катаванняў”
Актывіст „Еўрапейскай Беларусі” распавёў пра ўмовы ўтрымання ў Смалявіцкім ізалятары часовага ўтрымання.
У ізалятары Леанід Кулакоў правёў 7 сутак адміністрацыйнага арышту, піша Праваабарончы цэнтр „Вясна”.
„Ізалятар знаходзіцца у падвальным памяшканні, усяго там 6 камер. У камеры паўзмрок, сцены і падлога – бетонныя, тры койкі металічныя. Выдаецца тоненькі матрац, праўда, выдалі амаль новую бялізну. Дзённага святла няма. Не было таксама рукамыйніцы і прыбіральні. Замест туалета стаяла 10-літровае вядро з вечкам. Пах вельмі жудасны. І пры гэтым смуродзе трэба было яшчэ нешта есці. У камеры няма стала, тумбачак, крэслаў, лавак. За ўвесь час мяне ні разу не выводзілі на прагулкі.”
„Памяшканне вельмі халоднае. Гэта была сапраўдная „камера катаванняў,” – падкрэсліў актывіст грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь”. Леанід Кулакоў быў затрыманы ў Менску каля свайго дома, абвінавачаны ў несанкцыянаваным пікеце і асуджаны Смалявіцкім судом да адміністрацыйнага арышту на 7 сутак.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з сацсетак