“Вас кінулі, наіўныя хлопцы”
Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што захоп расейскіх спецназаўцаў чарговы раз засведчыў пра непасрэдны ўдзел Расеі ў канфлікце ва Украіне. Аднак прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзімітры Пяскоў ізноў паўтарыў, што “ніякіх расейскіх вайскоўцаў у Данбасе няма”.
Два расейцы Аляксандр Аляксандраў і Яўген Ярафееў былі затрыманыя 17 траўня непадалёку ад горада Шчасця на Луганшчыне. 18 траўня кіраўнік Службы Бяспекі Украіны Валянцін Налівайчанка заявіў, што палонныя аказаліся расейскімі спецназаўцамі. Яны будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасці. За гэта ім пагражае пажыццёвае зняволенне. Аднак Міністэрства абароны Расеі цвердзіць, што расейскія грамадзяне ў мінулым служылі ў арміі, аднак зараз да яе не маюць ніякага дачынення. Генерал Ігар Канашэнкаў заявіў, што назваў дзеянні ўкраінскіх уладаў “паказухай”. Па яго словах, палонных катуюць, выбіваючы патрэбныя паказанні. Гэтага абвінавачання не пацвердзілі правабаронцы з арганізацыі “Эмнэсты інтэрнэшэнал”, якія адведалі расейцаў у кіеўскім шпіталі. У любым выпадку МЗС Расеі патрабуе доступу да затрыманых для сваіх дыпламатаў, каб аказаць ім неабходную дапамогу ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права”.
Прадстаўнік Дзярждэпартаманту ЗША Джэф Раткэ адзначыў, што “захоп у палон расейскіх вайскоўцаў не з’яўляецца нечаканасцю. Мы шмат разоў гаварылі, што расейцы і сепаратысты цесна супрацоўнічаюць, разам праводзяць абвучэнне і атрымліваюць загады ад таго самага кіраўніцтва. Гэта чарговы доказ таго, што аб’яднаныя расейска-сепаратысцкія сілы далей парушаюць менскія дамоўленасці,” – заявіў прадстаўнік амерыканскага Дзярждэпартаманту. У міжчасе таксама чэшскі міністр замежных справаў Любамір Заоралек заклікаў Расею да шчырасці і заявіў, што “выпадала б перастаць гуляць у хованкі”. Па яго словах, так званя “гібрыдная” вайна, „калі салдаты ваююць без адзнакаў, завядзе ў глухі кут”.
Выпадак з расейскімі палоннымі выявіў увесь цынізм расейскіх уладаў. Для ўсіх відавочна, што тыя 8-10 тысяч расейскіх салдат у Данбасе не прыехалі туды самі па сабе, бы ў адпачынак. Ананімныя, падазроныя людзі былі б затрыманыя самімі сепаратыстамі. Гэта салдаты, якія выконваюць загады. Аднак з боку дзяржавы вельмі брыдка перад імі і іхнымі сваякамі, што ў бядзе яна адракаецца ад іх.
Якраз на гэта звярнуў увагу ваенны карэспандэнт Аркадзь Бабчэнка. Ён прадубляваў свой пост, напісаны 7 гадоў таму пасля грузінскай вайны пад загалоўкам “Армія цябе кіне, сынок. Заўсёды”. Гэтым разам свой тэкст карэспандэнт накіраваў да расейскіх салдат, якія ваююць у Данбасе. “Хлопцы! Салдаты! Ваша дзяржава ізноў, як гэта бывала сто трыццаць пяць тысяч мільёнаў раз, кінула вас на волю лёсу, адраклася ад вас… Калі Расея ўдзельнічае ў вайне, дык яна пасылае вас як армію, на якую пашыраюцца ўсе міжнародныя канвэнцыі… Калі аднак яна не ўдзельчае ў вайне, а вы едзеце туды як “дабравольцы”, “ будучы ў адпачынку”, як звольненыя з арміі альбо заблудзіўшы, дык трапіўшы ў палон вы не з’яўляецеся салдатамі. “Ведай, калі загінеш ва Украіне, твой камандзір скажа: “у маёй брыгадзе ўсе жывыя і здаровыя. А з крыжа на тваёй магіле здымуць таблічку з тваім прозвішчам. Армія цябе кіне, сынок. Заўсёды,” – пісаў ужо 7 гадоў таму ваенны карэспандэнт.
Брыдка і гадка гэтак цынічна скарыстоўваць людзей у сваёй у бруднай гульні. Сорамна перад сваякамі, калі іх сын, муж, брат сапраўды загінуў, але ён там нібыта не ваяваў, яго там увогуле не было. Як можна спасылацца на міжнароднае права і канвенцыі, калі ад захопленых у палон армія і дзяржава адракаецца. Як звычайныя тэрарысты, яны не падлягаюць абмену і ім пагражае працяглая турма. Ёсць над чым падумаць, асабліва салдатам, бо калі ідзе сапраўдная вайна, гэтыя два палонныя не будуць ні першымі, ні адзінымі.