Дэбаты і інтрыга



Кожная выбарчая кампанія цікавая найперш сваімі спрэчкамі і дэбатамі кандыдатаў. Калі гэтага няма, то няма і ніякага выбару – ісціна простая як аглобля. Сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Польшчы маюць сапраўдную інтрыгу. Глядзець на выбарчую кампанію цікава і суседзям. Асабліва цяпер, калі на фінішную прастору выйшлі два фіналісты – цяперашні прэзідэнт Браніслаў Камароўскі і прэтэндэнт на вышэйшую дзяржаўную пасаду Анджэй Дуда. Паглядзеў нядзельныя тэлевізійныя дэбаты паміж спаборнікамі. Па-праўдзе, мяне, як старонняга назіральніка з-за мяжы, яны не ўразілі. Так, канешне чарговы раз пазайздросціў, што ў суседняй краіне сапраўды ёсць мажлівасць выбару кіраўніка дзяржавы, калі ад кожнага голасу нешта залежыць. Выдатна, што ёсць такая магчымасць публічных дэбатаў з трансляцыяй на ўсю дзяржаву. Але пытанні вядоўцаў тэледэбатаў да прэтэндэнтаў мне падаліся малацікавымі, а самы канкурэнты пераважную бальшыню часу вінавацілі адзін аднаго ў непаслядоўнасці, беспрынцыповасці і частай змене поглядаў у залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры. Словам, сапраўды яркіх момантаў, на мой суб’ектыўны погляд, было малавата. Але галоўнае, што інтрыга застаецца – і на момант, калі пішуцца гэтыя радкі, ніхто ня ведае прозвішча новаабранага прэзідэнта Польшчы. Але ўсе дакладна ведаюць, што пройдзе наступная кадэнцыя і гэтага кіраўніка, калі ён будзе не даспадобы большасці, будзе мажлівасць памяняць на іншага. Праўда, народ не цэніць гэтага і перапоўнены скепсісу. Але так хіба ўсюды, дзе ёсць дэмакратыя, якая, на жаль, таксама перажыла свой пік і ўжо многіх расчаравала. Ды лепшага, як кажуць, ніхто яшчэ не здолеў прыдумаць.

У Беларусі ўсё наадварот. Тут выбарчая прэзідэнцкая кампанія, якая таксама прыпала на бягучы год, ніякай інтрыгі не мае. У мінулыя выбарчыя гады хоць бы была інтрыга плошчы – у 2006 годзе ў цэнтры беларускай сталіцы было цёпла, а ў 2010-ым годзе – па-сапраўднаму горача. Былі зарэгістраваныя апазіцыйныя кандыдаты, якія мелі магчымасць сустракацца з выбарцамі, а раз ці два выступіць па тэлевізіі і выказаць усё, што яны думаюць пра цяперашняга кіраўніка дзяржавы і створаную ім сістэму. Праўда, заплацілі яны за такую крытыку і шырока публічна абвешчаную праўду дарагую цану: у 2006-ым Аляксандар Казулін – працяглым зняволеннем, у 2010-ым – Уладзіміра Някляева ледзь не забілі, Андрэй Саннікаў быў на досыць доўгі час зняволены, а потым, пасля вызвалення, змушаны выехаць за мяжу, Мікалай Статкевіч – дагэтуль у нялюдскіх турэмных умовах. Мінулыя цыклы ў Беларусі была яшчэ сумная інтрыга – колькі чалавек папярэдне затрымаюць і засудзяць да адміністрацыйнага арышту, колькі паб’юць на плошчы, колькі звольняць з працы за асабістую актыўнасць, якая не супадае з уладнай лініяй ці невыкананне адміністрацыйных загадаў. А вось у 2001-ым было ціха – за слабым нібыта апазіцыйным прафсаюзным вылучэнцам амаль ніхто не пайшоў. У 2015-ым дэкаратыўнымі супернікамі цяперашняга кіраўніка будуць альбо тыя, хто выконвае свае патаемныя абавязкі, альбо тыя, хто яшчэ не нагуляўся ў палітычныя інтрыгі.

Пра дэбаты ў час выбарчай кампаніі і марыць не даводзіцца, першы і апошні раз пры выбарах прэзідэнта яны былі ў далёкім 1994-ым годзе. Ужо і апазіцыі, як моцнай згуртаванай сілы няма, ужо і грамадскія асяродкі амаль усе ліквідавалі – тых арганізацый – толькі зайцу на закуску. Ужо і незалежнай прэсы – мізэр, як некалі казалі – з жабіны прыгаршчы. А ўсё ім уладным “гаспадам” няўрымсліва. Дайшло да таго, што днямі Міністэрства інфармацыі РБ выслала мэйлам папярэджанне сайту Беларускага Радыё Рацыя – маўляў кепска на тым сайце і неаб’ектыўна пішуць пра Беларусь. Але што з іх – такіх міністраў узяць – яны ж скіраваны выключна на рэпрэсіі, на цемрашальства. І нават не зразумеюць, што такое права грамадзян на інфармацыю і што такое свабода медый. Яны зрабілі свой ганебны выбар і зваротнай дарогі для гэтых міністраў ужо няма…

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ