Беларусь адмовілася падпісаць дэкларацыю «Усходняга партнёрства» з-за Крыма



Беларусь і Арменія не падпісалі выніковую заяву саміту «Усходняга партнёрства», бо ў ёй была фраза пра акупацыю Крыма. Пра гэта, як піша «Украінская праўда», паведамляе Reuters са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.

Фраза пра незаконную анэксію паўвыспы Расеяй змяшчалася ў першапачатковым тэксце дакумента. З-за пазіцыі Менска і Ерэвана, па інфармацыі агенцтва, будзе выпрацавана кампрамісная заява, у якой пазіцыя ЕЗ і краін-удзельніц „Усходняга партнёрства” (Украіна, Малдова, Азербайджан, Арменія, Грузія і Беларусь) будуць прадстаўлены асобна.

У дакуменце, па звестках агенцтва, будзе гаварыцца пра тое, што ЕЗ асуджае анэксію Крыма. У ім таксама будуць пазначаныя пазіцыі ўсіх шасці былых савецкіх рэспублік, выказаныя імі ў час галасавання ў ААН па рэзалюцыі, якая асуджае крымскі рэферэндум.

Нагадаем, Генасамблея ААН падтрымала рэзалюцыю, у тэксце якой прызнаецца непарушнасць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. За адпаведную рэзалюцыю прагаласавалі 100 краін-чальцоў ААН. Супраць прагаласавалі 11 краін: разам з Расеяй прагаласавалі толькі Арменія, Беларусь, Балівія, Куба, КНДР, Нікарагуа, Судан, Сірыя, Зімбабвэ, Венесуэла.

Форум «Усходняга партнёрства» пройдзе ў Рызе цягам 2 дзён – 21-22 траўня 2015 года. Афіцыйны Менск прадстаўлены дэлегацыяй на чале з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота  dw.de