Лепшага жыцця прагнуць не толькі маладыя



Круглы стол “Горад, прыязны да сталых людзей” прайшоў у Гародні. Удзельнікі плануюць адаслаць прапановы па стварэнні адмысловай праграмы ўладамі Гародні. Цяпер кожны чацвёрты жыхар гэтага горада – чалавек сталага веку. У найбліжэйшыя гады, да 2030-га, іх будзе ўжо трэць. Удзельнікі абмеркавалі магчымасці паляпшэння якасці жыцця людзей сталага веку. Кажа Ганка Барадзіна, асістэнт кіраўніка “Універсітэта Залатога веку” ў Гародні.

–  Мы яшчэ раней зацікавіліся гэтым і цяпер стартуем з грамадскай кампаніяй, якая называецца “Горад, прыязны да сталых людзей”. Гэта таксама ініцыятыва Сусветнай арганізацыі здароўя, якая скіравана на тое, каб зрабіць гарады і супольнасці больш прыязнымі да сталых людзей. Вельмі важная думка хаваецца ў гэтай ідэі, у самой гэтай праграме: горад стане прыязны не толькі да сталых людзей.

Глабальная сетка прыязнага стаўлення да людзей сталага веку ўключае цяпер 258 гарадоў з 28 краінаў свету. Гарадзенцы спадзяюцца, што стануць першымі ў Беларусі, хто да яе далучацца. Бо актыўнага і здаровага жыцця прагнуць не толькі маладыя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота knews.kg