У 2017 годзе ў продажы з’явіцца вадародны Mercedes
Кошт навінкі будзе не вышэйшы за кошт гібрыдных мадэляў. Пра гэта заявіў віцэ-прэзідэнт канцэрна Daimler, у склад якога ўваходзіць Mercedes-Benz, Герберт Колер.
Еўропа, у святле апошніх падзеяў ва Украіне, відавочна больш імкліва пачне засвойваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Беларусь жа па-ранейшаму арыентуецца на традыцыйныя, кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:
– Казаць пра тое, што беларускія афіцыйныя ўлады будуць кідацца ў нейкія альтэрнатыўныя крыніцы энергіі – немагчыма. Для гэтага аб’ектыўна няма ніякіх магчымасцяў, нават калі б было жаданне гэта зрабіць. Для гэтага трэба не толькі вялікія грошы, а і найноўшыя тэхналогіі, якімі ў дастатковым памеры не валодаюць нават у Еўропе – яны толькі на шляху да іх.
Раней паведамлялася, што кампанія Toyota збіраецца пачаць серыйную вытворчасць машын на новых паліўных ячэйках у 2015 годзе.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя