Берасцейскія велааматары навязалі кантакт з калегамі з Батумі
Далі адзнаку інфраструктуры, завязалі кантакты з мясцовымі велаклубамі і проста пазнаёміліся з грузінскім Батумі прадстаўнікі інфармацыйна-асветніцкай установы ’’За вела Берасце!’’. У красавіку бягучага году Берасце і Батумі сталі гарадамі-пабрацімамі, а ўжо ў траўні пачалося супрацоўніцтва велаактывістаў, – распавёў адзін з удзельнікаў паездкі ў Грузію Уладзімір Красько.
– Высветлілася, што ў Батумі пабудаваная вельмі добрая велаінфраструктура. Створаны добры роварны пракат. Там зараз 370 ровараў прапануюцца на пракат у 20 аўтаматычных станцыях. Мы вырашылі наведаць гэты горад і навязаць стасункі з велаарганізацыямі, якія існуюць у Батумі. Сустрэліся з велаарганізацыямі ў Батумі і дамовіліся аб супрацы. І бліжэйшым нашым супольным мерапрыемствам будзе тое, што прадстаўнікі велаарганізацый Батумі прыедуць да нас у Берасце.
„Бліжэйшым часам нашыя грузінскія калегі хочуць правесці велатэставанне горада, пакінуць свае водгукі, сустрэцца з прэсай і выказаць меракаванне, наколькі Берасце спрыяльна для раварыстаў,” – падагульніў Уладзімір Красько.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота dzedzich.org