Летняя школа польскай мовы і культуры набірае навучэнцаў



Ліцэй грамадскага аб’яднання “Polska Macierz Szkolna” запрашае вучняў старэйшых класаў да ўдзелу ў летняй школе польскай мовы і культуры, якая адбудзецца з 15 па 27 чэрвеня бягучага года. На працягу двух тыдняў моладзь будзе не толькі слухаць лекцыі і рабіць практычныя заданні, але таксама здзейсніць падарожжы ў Катынь і экскурсію ў Польшчу, што па словах віцэ-старшыні Polskiej Macierzy Szkolnej Тэрэсы Крышын, паспрыяе выхаванню дзяцей у польскіх традыцыях.

– Першая мэта, якую мы б хацелі, каб яна была зрэалізавана – гэта тое, каб дзеці польскай нацыянальнасці мелі магчымасць вывучыць сваю родную мову, пазнаваць гісторыю, культуру, польскія традыцыі, мець магчымасць як мага больш даведацца пра суседнюю нашу краіну – Польшчу, мясціны, якія звязаныя з жыццём, творчасцю людзей, чые імёны вядомыя не тлькі тут у нас, у Беларусі і Польшчы, але і ва ўсім свеце.

Запіс ў летнюю школу ажыццяўляецца ў будынку грамадскага аб’яднання “Polska Macierz Szkolna”. Перавага будзе аддавацца вучням 10-11-га класаў, якія наведваюць ліцэй імя Элізы Ажэшкі.

Беларускае Радыё Рацыя