У Беластоку абмяркоўвалі развіццё бізнесу на Падляшшы



„Навука і бізнэс у грамадстве і гаспадарцы рызыкі” – гэта назва міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай Вышэйшай менэджэрскай школай у Беластоку. Удзельнікі сустрэчы засяродзіліся на шанцах і небяспеках развіцця бізнесу на Падляшшы. Паводле старшыні Падляшскага бізнес-клуба Леха Пілецкага, важна, каб прадпрыемствы развівалі кантакты з беларускімі партнёрамі і каб кіраўніцтва абедзвюх краін не перашкаджала ў гэтых адносінах:

– Маем цэлы шэраг дасканалых стасункаў з парнёрамі ў Беларусі. Я досыць часта бываю ў Беларусі. Атрымліваю запрашэнні на розныя сімпозіумы, сустрэчы, дзе абмяркоўваем развіццё нашай супрацы. Здаецца мне, для нашага рэгіёну за гэтым будучыня – за добрай супрацы з Беларуссю, за абменам таварамі, інвеставанне ў адмысловыя эканамічныя сферы, як напрыклад, у свабодную эканамічную зону “Нёман”.

Як падкрэсліў Лех Пілецкі, трэба каб таксама прадстаўнікі мясцовага самакіравання па абодва бакі мяжы дапамагалі ў развіцці транспамежнага бізнесу. Паводле старшыні Падляшскага бізнэс-клуба, цяпер у Беларусі дзейнічаюць усяго паўтысячы фірмаў з польскім капіталам.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя