БАТЭ выйграў Кубак Беларусі
У фінале розыгрышу футбольнага кубку краіны барысаўскі БАТЭ адолеў салігорскі „Шахцёр” – 4:1 і заваяваў пачэсны трафей. Сустрэча безумоўна парадавала нейтральных заўзятараў колькасцю галоў.
Каманды падышлі да гэтага матчу ў статусе галоўных фаварытаў нацыянальнага чэмпіянату. Вышэй канешне стаяць акцыі чэмпіёна краіны, што пацвердзіў і фінал кубку. „Шахцёр” выйшаў на поле без свайго траўмаванага лідара атакі – Мікалая Януша. БАТЭ выставіў у цэлым баявы склад. Да гэтага „Шахцёр” – дзейсны ўладальнік прызу – правёў у кубку 14 матчаў без паразы.
Першы тайм прайшоў у роўным змаганні, а вось другая палова прадэманстравала моц БАТЭ. Лік на 52-й хвіліне адкрыў Міхаіл Гардзяйчук, скарыстаўшыя пасам Віталя Радзівонава. Гэта быў пяты гол Гардзейчука ў кубках Беларусі. Радзівонаў на 61-й хвіліне ў выніку імклівай контратакі пасля перадачы Ігара Стасевіча ўдарам галавы павялічыў перавагу свайго клуба. І амаль услед Аляксандр Карніцкі пры здранцвеласці салігорскай аброны таксама галавой удала згуляў на дабіванні.
На 72-й хвіліне нападнік салігорцаў Дзмітрый Камароўскі падарыў прывідную надзею прыхільнікам „Шахцёра”. Але вельмі імкліва Мікалай Сігневіч магутным стрэлам з левай нагі зняў усе пытанні. Ад поўнага разгрому „Шахцёр” уратаваў яго брамнік Уладзімір Бушма, які ліквідаваў яшчэ некалькі сур’ёзных пагрозаў сваёй браме.
БАТЭ 3-ы раз у сваёй клубнай гісторыі заваяваў Кубак Беларусі і першы раз пад кіраваннем Аляксандра Ермаковіча.
Беларускае Радыё Рацыя, фота Pressball.by