У Гародні выбіралі прэзідэнта Польшчы
Грамадзяне Польшчы, якія часова апынуліся ці стала пражываюць на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці, прынялі ўдзел у выбарах прэзідэнта краіны. Галасаванне адбывалася на тэрыторыі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні, дзе быў зарганізаваны ўчастак для галасавання.
Удзел у выбарах прыняло 128 чалавек. Анджэй Дуда атрымаў 74 галасы, Браніслаў Камароўскі – 52. Два білютэні былі прызнаныя несапраўднымі.
На думку ксяндза Веслава Дамброўскага ўдзел у выбарах прэзідэнта краіны – абавязак сумлення для кожнага грамадзяніна, тым больш за мяжой:
– Я, як паляк, мушу думаць пра Польшчу. Нашыя біскупы сказалі, што грэх робіць той, хто не ідзе на выбары.
У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, які адбыўся два тыдні таму, у Гародні таксама перамог Анджэй Дуда. Кандыдат ад партыі “Закон і справядлівасць” набраў 40 галасоў выбарцаў, што было на 16 болей, чым у Браніслава Камароўскага. Колькасць выбарцаў у першым туры склала 84 асобы.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня