Алесь Бяляцкі – у Беларускім Доме ў Варшаве
Беларускі Дом у Варшаве запрашае на прэзентацыю кнігі старшыні праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага «Халоднае крыло Радзімы». Кніга выйшла летась у Вільні ў той час, калі Бяляцкі сядзеў у турме па сфальсіфікаванаму абвінавачванню. Укладанне кнігі выканала праваабаронца і пісьменніца Паліна Качаткова.
Як кажа арганізатар прэзентацыі, сустаршыня Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, кніга вельмі карысная для сённяшняга чытача:
– Адбудзецца прэзентацыя кнігі “Халоднае крыло Радзімы”. Гэтая кніга была цалкам падрыхтаваная за кратамі – у беларускай лукашэнкаўскай турме. І яна апавядае пра дзейнасць грамадскіх ініцыятываў у далёкія 80-я гады за часамі Савецкага Саюза. І той досвед – ён даволі цікавы і шмат пра што можа распавесці.
Прэзентацыя кнігі ў Беларускім Доме ў Варшаве (ul. Wiejska 13/3) адбудзецца 28-га траўня. Пачатак а 18-й гадзіне.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя