Павел Севярынец: Для Беларусі абранне Дуды хутчэй плюс
Палітычным землятрусам называе сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец прэзідэнцкую кампанію ў Польшчы.
„Пасля абрання прэзідэнтам Анджэя Дуды зменіцца палітычная мапа не толькі Польшчы, але і ўсяго рэгіёну”, – такую вагу змене кіраўніцтва суседняй краіны надае беларускі палітык.
„Пры гэтым, калі для Беларусі змены абяцаюць быць станоўчымі, то для беларусаў Падляшша – не вельмі”, – кажа Павел Севярынец:
– Звычайна беларусы Падляшша падтрымліваюць іншыя палітычныя сілы, не “Права і справядлівасць”, а “Платформу” і левыя сілы – так абумоўлена гістарычна, бо з ідэалогіяй “Права і справядлівасці” звязваюць пэўны ціск на беларусаў як на нацыянальную меншасць. Таму для беларусаў Падляшша гэта, магчыма, не вельмі добры вынік. Ёсць два вынікі для беларусаў. Адзін для беларусаў Падляшша – не вельмі камфортны. А цалкам для Беларусі, гэта хутчэй – плюс.
Нагадаем, што палякі, якія выбіралі прэзідэнта Польшчы на выбарчых участках у Беларусі, галасавалі за Анджэя Дуду.
Гэты вынік процілеглы першаму туру выбараў. 10 траўня большасць аддала свае галасы за Браніслава Камароўскага.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя