Мікалай Трыгуб хоча зарэгістраваць партыю “Беларусь сінявокая”



“Гэта будзе апазіцыйная да ўлады структура”, – кажа старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі Мікалай Трыгуб.

Мікалай Трыгуб: У партыі, думаю, назбіраецца каля 5 тысяч сябраў, але ж у Міністэрстве юстыцыі патрабуюць юрыдычны адрас. Хацеў зарэгістраваць арганізацыю па сваім дамашнім адрасе, але аказалася, што так нельга. Я разумею, што ўлада не хоча даваць хаду тым, хто не ідзе разам з ёй у адной калоне. Але ж плюралізм у грамадстве павінен існаваць. Я хацеў бы, каб у нас таксама быў свой прафсаюзны рух, моладзевы…

РР: На каго апіраецеся ў партыі? Хто яе сябры?

Мікалай Трыгуб: Звычайныя беларусы. Пенсіянеры, інваліды, “афганцы”, студэнты, бамжы… Мы хочам дарабіць тое, што не паспелі камуністы. Дакладней – камуністы і не хацелі будаваць ніякую светлую будучыню, яны проста пускалі людзям пыл у вочы. Але ж увогуле светлая будучыня – гэта добрае памкненне. Трэба жыць не сёняшнім днём, а глядзець наперад. Зараз усе нашы спробы будуць накіраваны на тое, каб зарэгістраваць партыю, а затым, думаю, паспрабую замахнуцца і на прэзідэнкую пасаду.

РР: Дзе вы працуеце?

Мікалай Трыгуб: Я зараз на пенсіі. А раней працаваў на БАМе, на “Кераміне” больш за 20 гадоў, у прыватнай будаўнічай фірме. Працоўны стаж у мяне багаты, людзей ведаю добра.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя