Гомельскага актывіста, палітычнага вязня, Юрыя Рубцова асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму. Такі прысуд вынес Пружанскі раённы суд, у гэтым раёне вязень адбывае сваё ранейшае пакаранне – паўтара года „хіміі” нібыта за абразу суддзі, а фактычна за кашульку з надпісам „Лукашэнка, сыходзь” на Чарнобыльскім шляху ў мінулым годзе.
Цяпер Рубцова абвінавацілі ва ўхіленні ад адбыцця пакарання, бо ён не працаваў на “хіміі”, што вызначана законам. Сам вязень даводзіў, што проста патрабаваў заробак у 600 даляраў – гэта афіцыйны сярэдні па краіне.
Новы прысуд Юрыю Рубцову каментуе намесніца старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Таццяна Равяка:
– Не ўпэўнена, што касацыйная інстанцыя адмовіцца ад гэтага прысуду, што прысуд будзе зменены. Такога ў нас фактычна не бывае па палітычных справах, і чалавек фактычна год знаходзіцца вось у такім абсалютна ненармальным стане, абсалютна такога прэсінгу з усіх бакоў. Гэты прысуд – гэта фактычна такі фінал, такая кульмінацыя ўсёй гэтай сітуацыі, якая працягваецца на працягу года.
Юры Рубцоў заявіў, што будзе абскарджваць прысуд, які ён лічыць несправядлівым. На пасяджэнне суда палітычны вязень прыйшоў у кашулі з бел-чырвона-белай стужкай. Вязень больш за 50 дзён трымае галадоўку пратэсту.
* * *
Прысуд па справе палітычнага зняволенага Юрыя Рубцова абвесцяць у чацвер, 28-га траўня, у 15.30. Гэта было агучана суддзёй Мікалаем Рэпіхам у выніку першага дня судовага працэсу, які адбываўся ў Пружанах.
* * *
Вязню пагражае да трох гадоў калоніі. Рубцова судзяць за парушэнне ўмоваў адбыцця пакарання ў выглядзе так званай “хіміі” ў вёсцы Куплін, бо ён адмовіўся працаваць, як гэта вызначана законам. Сам вязень у судзе даводзіў, што ён будзе працаваць, але толькі за годны заробак. На судзе прысутнічаў кобрынскі актывіст Алесь Мех:
– Мы ўражаныя нашым героям Юрыям Рубцовы. Гэта такая моц духу і розум, і гэтае спалучэнне розуму і моцы духу вельмі ўражвае. Ён малайчына! Ён гэты судовы працэс выйграў – адзін! Безумоўна, рашэнне будзе іншае. Але ён разбіў і гэтага пракурора, і гэтага суддзю.
На судовым працэсе некалькі чалавек прысутнічалі ў кашульках з надпісам “Лукашэнка, сыходзь”. На гэта звярнуў увагу пракурор, але прысутным дазволілі застацца ў залі суда. Менавіта з такой кашулькі пачаліся праблемы ў гомельскага актывіста Юрыя Рубцова, калі, апрануўшы яе, ён выйшаў у мінулым годзе на Чарнобыльскі шлях. Алесь Мех звяртаецца да ўсіх з просьбай дамагчы ў гэтай сітуацыі сям’і палітвязня.
* * *
З суда паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”:
16-10. Пракурор адзначыў рэцыдыў наўмыснага злачынства і просіць пакараць Рубцова 2,5 года калоніі, дадаць непагашаны тэрмін і ў агульнай складанасці – 3 гады калоніі агульнага рэжыму.
Пачаліся спрэчкі бакоў. Абаронца кажа, што Рубцоў не пярэчыў супраць працаўладкавання, ён атрымаў накіраванне на працу, а затым на медкамісію і паспяхова яе прайшоў. Пры падпісанні дагавора звярнуў увагу на незапоўненыя палі ў працоўным дагаворы, у прыватнасці інфармацыю аб прэміях, надбаўках. Таму абаронца лічыць, што дамова была неналежна аформленая. Таксама адвакат просіць суд звярнуць ўвагу на даты.13 і 16 сакавіка, як сцвярджае Рубцоў ў пятніцу ніхто не працаваў, а затым паўторна яны былі прывезеныя на працаўладкаванне 16 сакавіка ў панядзелак. Далей звяртае ўвагу на накіраванне. Начальнік казаў, што накіраванне на працу было выдадзена 13 сакавіка, а іншыя сведкі кажуць, што яно было выдадзена да 9 сакавіка. Таксама сведкі сцвярджані пра немагчымасць падачы скаргаў і неправамоцныя спагнанні.
Аднак суддзя апеляваў тым, што справа непадведамственная суду.
Не даказана ў судзе, што Рубцоў меў намер на ўхіленне ад працаўладкавання, што падцвярджаецца праходжаннем медкамісіі.
Суд адхіляе рашэнне міжнародных арганізацый, але абаронца акцэнтуе ўвагу на тым факце, што Рубцоў прызнаны палітвязням. Адвакат прасіў далучыць да справы рашэньні міжнародных праваабарончых арганізацыяў аб прызнаньні Рубцова палітвязьнем і прасіў агаласіць гэта ў судзе. Пракурор выступіла супраць, бо «Рубцоў абвінавачваецца ў злачынстве супраць правасудзьдзя». Адвакат настойвае, кажа, што гэта тычыцца асобы абвінавачанага. Судзьдзя адмовіў, бо гэта, маўляў, ня тычыцца справы.
Ён просіць звярнуць увагу на станоўчую характарыстыку на Рубцова з ранейшага месца працы.
Адвакат просіць вынесці апраўдальны прысуд у сувязі з адсутнасцю склада злачынства, а ў выпадку прызнання віны ўлічыць довады і прызначыць мінімальны тэрмін.
Рубцоў прамаўляе апошняе слова. Ён гаворыць аб тым, што афіцыйна працуе з 16 гадоў, а неафіцыйна з 12-ці. Яму ніводнага разу на рукі не выдавалі накіравання на працу, а проста забіралі і везлі ў нейкую гаспадарку. Міліцыянт патрабаваў падпісваць нібыта добраахвотную дамову. Таксама ён паведаміў, што яму пагражалі турмой, калі не пагодзіцца на працу. Рубцоў хацеў даць дадатковыя тлумачэнні пра свае погляды, але суддзя яго спыніў.
15-40. Суд прадставіў слова Юрыю Рубцову. Палітвязень адзначыў, што сведкі не кажуць, што ён адмаўляўся працаваць зусім. Ён хацеў працы з заробкам, пра які казаў Лукашэнка — 600 даляраў у месяц. Але такой працы яму не далі, бо яе няма.
15-00. Перапынак завяршыўся. Пракурор Зайцава звярнулася да суду, каб выдаліць Вінярскага і Коласа з судовай залі за майкі з надпісам “Лукашэнка сыходзь!”
Вінярскі запытаўся, у чым пракурор бачыць ягоныя «неналежныя паводзіны». Рубцоў назваў спробу пракурора выдаліць з залі актывістаў палітычным ціскам. Суддзя не выдаліў.
Выступае сведка інспектар па кадрах Ірына Слабада. Распавядае пра тое, што Рубцоў заяву на працу напісаў, з дамовай азнаёміўся, але не падпісаў. Аднак заява была падпісана 16 сакавіка. Яна кажа, што прапанаваная праца пачыналася з 8 гадзін да 16-00, а раней сведкі казалі, што аўтобус, які падвозіць працоўных, выяжджае ў 8-30.
Дапытваюць Дзяніса Стэльмахова, памочніка начальніка ўстановы адкрытага тыпу, Алега Ількевіча, які ў Купліне жыве ў адным пакоі з Рубцовым. Ён уладкоўваўся на працу ў той жа самы дзень, што і Рубцоў. Накіраванне на працу ім выдавалі ў адзін дзень з Рубцовым, да 13 сакавіка. Ім абодвум выдалі накіраванні. Сведка падпісаў сваю дамову, але толкам нічога не бачыў, толькі чуў што Рубцоў не хацеў працаваць менш чым за 600 даляраў.
12-45. Выслуханы ўсе сведкі, акрамя двух – Слабады інспектара па кадрах прадпрыемства “Ліноўскага”, дзе прапанавалі працаваць Рубцову і Стэльмахова, супрацоўніка спецкамендатуры №7. Рубцоў настойвае на выкліку сведкаў Слабады і Ількевіча (суседа па пакоі) ў судовае пасяджэнне. Суд лічыць, што трэба выклікаць Стэльмахова, бо ён ставіў на ўлік Рубцова. У судзе абвешчаны перапынак да 15 гадзін.
11-20. Сведка Стэльмахоў адсутнічае, не было позву ў суд. Апытваюць Касенчука Уладзіміра, старэйшага па наглядзе за выкананнем пакаранняў. Сведка Касянчук кажа, што Рубцоў адмаўляўся ад прапанавай працы, бо яго не задавальняў заробак. Ён згадаў, што заробак, які прапанавалі Рубцову, быў 4,5 мільёны рублёў. Рубцова, дарэчы, вазілі працаўладкоўваць у паліклініку, аднак гэтага эпізоду няма ў матэрыялах справы.
Сведка-інспектар па працаўладкаванні кажа, што асуджаны абавязаны працаваць, што ён дабраахвотна прайшоў медкамісію. Інспектар сцвярджае, што Рубцоў асабіста падаваў дакументы на працу, але заява і працоўны дагавор маюць розныя даты.
Пракурор просіць занесці заўвагу Рубцову за парушэнне парадку ў судовым пасяджэнні ў пратакол. Суддзя пакуль не выносіў заўвагі Рубцову па просьбе пракурора.
Выклікалі сведку асуджанага Рубеля, кажа адносіны з Рубцовым нармалёвыя, што разам ездзілі працаўладкоўвацца, аднак зарак прапанавалі мізэрны. Інспектар па кадрах тлумачыць, што ў працоўным дагаворы паказаная тарыфная стаўка, а заробак большы. Аўтобус у арганізацыю выязджае ў 8.30, а назад аўтобус едзе ў 17-00, таму магчымасць праезду ад месца працы і да месца начлегу.
Сведка Віктар Янчук падцвярджае паказанні, дадзеныя пад час следства. Сведчыць, што быў сведкам, як Рубцову прапаноўвалі працу, але там быў нізкі заробак. Кажа, што папярэджвалі аб адказнасць за ўхіленне ад працы. Ён таксама пацьвердзіў, што Рубцоў адмовіўся ад працы 5-га студзеня: «Адмовіўся з-за таго, што не задаволіў заробак». Сказаў, што ніколі ня чуў ад Рубцова, каб той казаў, што «катэгарычна адмаўляецца працаваць». Пацьвердзіў, што Рубцоў абураўся тым, што прымушаюць працаваць за нізкія заробкі. Сведка Павел Данос таксама асуджаны, працуе ў АА “Пружанскае”. Кажа, што з-за адмовы працаваць Рубцову абвясцілі вымову. Рубцоў удакладняе, што не адмаўляўся катэгарычна. СведкаАляксей Алехнік кажа, што Рубцоў прасіў працу з заробкам у 600 даляраў.
Сведка Кахновіч нязгодны з паводзінамі Рубцова. Кажа, што знаходзіў з ім агульнай мовы. У матэрыялах справы паказана, што было пры ім накладзена спагнанне на Рубцова, але сведка сцвярджае што пры ім не было. СведкаУладзімір Майсеевіч кажа, што адмаўляўся Рубцоў не ад працы, а ад малога заробку. Уладзімір Кухмар і Сяргей Ляшчук таксама сведчаць пра вынясенне папярэджанняў Рубцову. Калі прапануюць працу, то чаму адмаўляцца, – кажа сведка.
Да сведкі Ярмашука ў Рубцова паўсталі пытанні. Ён таксама хоча хадайнічаць аб тым, каб было разгледжана пытанне і аб законнасці вынясення спагнанняў.
11-05. Выступае сведка Ярмашук, начальнік атрада па арганізацыі папраўчага працэсу: „Рубцоў тлумачэнні пісьмовыя не даваў, пры пастаноўцы на ўлік адразу заявіў, што не збіраецца падпісваць ніякіх дакументаў”.
Рэпліка Рубцова: Калі я абавязаны працаваць па накіраванні, чаму вы не выдаеце загаду аб працаўладкаванні, які рэгіструецца? Суддзя пытаецца ў сведкі: „Ці можаце яму загадаць прыняць прапанову? На падставе чаго вы ўжываеце да яго дысцыплінарныя спагнанні?” „На падставе накіравання”. Але гэта не можа быць падставай для дысцыплінарных спагнанняў, – кажа суддзя.
10-25. У якасці сведкі выступае начальнік папраўчай установы адкрытага тыпу №7 падпалкоўнік Юры Макаеў: заробак на прапанаваных пасадах Рубцову прапаноўваўся ў памеры 4 – 5 мільёнаў рублёў. Але ёе катэгарычна адмаўляўся. Рубцоў адмовіўся ад подпісу пад загадам аб працаўладкаванні, матывуючы гэта нізкім заробкам, адмаўляўся ад любых подпісаў наогул. Запальчывы, адмоўнай скіраванасці, спрабаваў ствараць канфлікты з супрацоўнікамі – характарызуе сведка Рубцова.
Суддзя пытаецца, ці мог начальнік загадаць ісці працаваць? Начальнік кажа, што ў вуснай форме загадваў.
Рубцоў апелюе да Працоўнага кодэксу і кажа, што яго не азнаямлівалі з арт. 50 Крымінальна-выканаўчага кодэксу.
Адвакат пытаецца, хто выдае накіраванне і што там павінна быць пазначана там, ці павінна быць пазначаная дата. Сведка кажа – неабавязкова. На апошнім накіраванні даты няма. Сведка кажа, што гэта было 13 сакавіка. Адвакат пытаецца, ці вядома аб накіраванні скаргаў Рубцова на спагнанні ў суд? Так, але адказ прыйшоў пасля таго, як Рубцоў быў у СІЗА.
Да месца працы дастаўленне ажыццяўляецца спецтранспартам арганізацый. Суд пытаецца, чаму прапаноўвалася менавіта гэта праца, не прапанавалася Ці іншая праца? Не, не прапанавалася.
Адвакат пытаецца, ці ўсё асуджаныя працаўладкоўваюцца, або толькі Рубцову так настойліва прапаноўвалася?
Наступны сведка – Віктар Бондар, намеснік начальніка “хіміі”: Кажа, што кіроўцам ніхто з іншых зняволеных не быў працаўладкаваны, бо не адпавядаюць патрабаванням наймальніка.
Юрый Рубцоў удакладняе, ці вядомыя адрозненні правілаў прыёму для асуджаных і вольнанаёмных? Сведка кажа, што няма адрозненняў, акрамя пытання звальнення. А працоўныя адносіны рэгулююцца працоўным заканадаўствам паміж наймальнікам і асуджаным.
Суд удакладняе, ці ёсць магчымасць пражываць па месцы працы? Сведка тлумачыць, што закон не забараняе стварэнне філіялаў і не выключаецца такая магчымасць. Начальнік папраўчай установы адкрытага тыпу і яго намеснік хацелі сысці з суда, але Рубцоў выступіў супраць.
10-15. Выступае пракурор Зайцава: Рубцоў адмовіўся ад прапанаваных адміністрацыяй вакантных пасад. Яму было прад’яўлена спагнанне ў выглядзе уборкі тэрыторыі. Затым яшчэ адна вымова, а потым трэцяя. Пасля гэтага атрымаў афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці. Рубцоў не разумее сутнасці прад’яўленых абвінавачванняў. Суддзя пытаецца, ці прызнае ён сябе вінаватым? Рубцоў адказвае, што – не. Таму што ў пастанове мала здаровага сэнсу. Кажа пра тое, што яму не загадвалі і не абавязвалі, а прапаноўвалі, а калі прапаноўвалі, то значыць ён мог адмовіцца. Паведамляе, што не будзе даваць паказанні, пакуль сведкі не будуць апытаныя. Рубцоў апелюе да 47 артыкулу Крымінальна-выканаўчага кодэксу, паводле якога, як ён лічыць, ён ня меў права працаваць паводле працоўнай дамовы, бо быў асуджаны. Між тым яго прымушалі самога падпісаць працоўную дамову.
Паводле паведамленняў, Рубцоў сядзіць ў жалезнай клетцы за шклом. Без майкі, у яго тату на грудзях: «Лукашэнка, сыходзь!».
Следчыя хочуць даказаць, што Рубцоў ухіляўся ад адбыцця пакарання, бо адмовіўся працаваць на тых працах, якія яму прапаноўвалі.
Праваабаронцы прызналі Рубцова палітвязнем. Ён працягвае галадоўку пратэсту, якую пачаў 8 красавіка ў знак пратэсту супраць незаконнага пераследу.
Сёння а 10-й раніцы ў Пружанскім раённым судзе пачаўся працэс над актывістам з Гомеля Юрыем Рубцовым. Актывісту, які адбывае 1,5 года «хіміі» ў спецкамендатуры вёскі Купін Пружанскага раёну, пагражае яшчэ 3 гады калоніі.
Следчыя маюць намер даказаць, што Рубцоў ухіляўся ад адбыцця пакарання, бо адмовіўся працаваць на тых працах, якія яму прапаноўвалі. Юры Рубцоў на гэта заяўляе, што не адмаўляўся ад працы зусім, але патрабаваў даць яму працу з заробкам не меней за 600 даляраў у месяц — што адпавядае сярэднестатыстычнаму паказчыку па краіне.
8 красавіка, калі Юрыя Рубцова змясцілі ў следчы ізалятар паводле гэтага абвінавачання, ён абвясціў галадоўку пратэсту. З таго часу Юрыя Рубцова наведалі адвакат і медыкі. Паводле адваката, Юры Рубцоў значна схуднеў, але захоўвае бадзёрасць і жаданне змагацца на судзе, бо не прызнае сябе вінаватым.
У канцы 2014 года Юры Рубцоў атрымаў 1,5 года «хіміі» за абразу суддзі.