Ці здолее “Беллегпрам” скласці канкурэнцыю імпарту?
Полацкая прадпрымальніца Вольга Шарстабітава распавяла, чаму іпэшнікі пратэстуюць супраць тавару ад “Беллегпрама”. Падчас нядаўняга форуму прадпрымальнікі даведаліся, што Менгандаль выступіў з ініцыятывай ільгот для тых бізнесоўцаў, якія гандлююць беларускай прадукцыяй. Такая магчымасць цяпер разглядаецца.
У той жа час на тым жа форуме іпэшнікі заклікалі “Беллегпрам” выпускаць больш якасную прадукцыю, якую можна было б прадаваць на рынку і выказалі пажаданні, каб на такую прадукцыю адразу былі сертыфікаты, неабходныя для працы.
Вольга Шарстабітава: Асабіста мяне задавальняе якасць некаторых беларускіх тавараў, але не задавальняе кошт, што аўтаматычна робіць іх неканкурэнтаздольнымі ў параўнанні з імпартам. Але і якасць жадае быць лепшай. Тканіны – так сабе, дызайн кульгае. Але, паўтаруся, людзі не таму не купляюць беларускае, што тавар вельмі няякасны. А таму, што дорага. Тым больш у сёняшніх умовах, калі заробкі ў народа невялікія, пакупальніцкая здольнасць такая ж. Кожны шукае тавары, якія б адпавядалі б стандартам кошту і якасці. Увогуле, на любым рынку павінна быць здаровая канкурэнцыя. Чалавек сам для сябе вырашае, што яму набыць.
РР: Як вы ацэньваеце ініцыятыву Мінгандлю даць ільготы для тых бізнесоўцаў, якія гандлююць беларускай прадукцыяй?
Вольга Шарстабітава: Ініцыятыва – гэта невядома калі будзе. А зараз ніякіх ільгот для тых, хто гандлюе беларускай прадукцыяй з боку арэндадавальнікаў няма. Але трэба яшчэ даказаць, што ты на сто адсоткаў гандлюеш беларускай ппрадукцыяй.
РР: Ці здолее “Беллегпрам” скласці канкурэнцыю імпарту і выціснуць яго з рынку?
Вольга Шарстабітава: Не зможа. Беларуская прадукцыя ішла на склады, а зараз хочуць, каб прадпрымальнікі разгружалі гэтыя склады? Дарэчы, на форуме прадпрымальнікаў з вуснаў чыноўнікаў ішоў менавіта такі мэсідж. Дык а чаму вы пра гэта раней не думалі, а схамянуліся толькі зараз, калі склады завалілі? Стварайце канкурэнтную па якасці і кошту прадукцыю! І ўсё – у момант вырашацца вашы праблемы. Зрэшты, я разумею таксама, што чыноўнікі могуць правесці на імпарт сілавую атаку, калі нейкімі дакументамі будуць забараняць ці абмяжоўваць імпартную прадукцыю. Але тут ёсць і іншы бок медаля. Пасля забаронаў валюта паплыве ракой у тую ж Польшчу ці Літву. Людзі будуць купляць тавар за мяжой. Улада дапускае вялікую памылку, калі вырашыла выціснуць з краіны прадпрымальнікаў і пры гэтым думае, што пойдуць прыбыткі. Прыбыткі будуць атрымліваць нашы суседзі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя