Людміла Гразнова: Беларусі трэба перачакаць стан узбуджання расейскага мядзведзя
“Беларускія ўлады працягваюць сваю ранейшую палітыку балансавання, дазаванага манеўравання паміж Расеяй і Захадам, якую выкарыстоўвалі і раней”,- кажа дэпутат Вярхоўнага Савету 13 склікання, праваабаронца Людміла Гразнова.
Апошнія заявы кіраўніцтва краіны аб тым, што „Еўропа не заменіць Беларусі Расею” сведчаць аб тым, што баланс пачаў схіляцца ў бок усходняй суседкі.
“Гэта звязана з тым, што Расея стала пагражаць сваім суседзям”, – лічыць Гразнова.
– Маленькай Беларусі трэба перачакаць гэты стан узбуджання расейскага мядзведзя, а таксама, што Україна не вельмі падтрымліваецца Захадам. Беларусі даводзіца вельмі асцярожна і дыпламатычна выказвацца і дзейнічаць адносна Расеі.
“Як кажуць у народзе, не будзіць ліха – вось зараз галоўная стратэгія кіраўніцтва Беларусі. І гэта, магчыма, найбольш эфектыўны спосаб абароны і ўтрымання незалежнасці”, – лічыць Людміла Гразнова.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя