Нацбанк: Доля ценявой эканомікі ў Беларусі вельмі вялікая
Доля ценявой эканомікі ў Беларусі „вельмі вялікая”, заявіла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацбанка, доктар эканамічных навук Людміла Стэфановіч, выступаючы 27 мая на міжнароднай практычнай канферэнцыі ў Менску „Інавацыі. Банкі”.
Яна адзначыла, што ўрад і нацыянальны банк у апошнія гады прымалі рашэнні, накіраваныя на развіццё безнаяўных плацяжоў. „Не ўсе гандляры хочуць пераходзіць на безнаяўныя разлікі, яны зацікаўлены працаваць з наяўнымі грашамі”, – сказала Стэфановіч. У сувязі з гэтым „прыходзіцца адміністрацыйным шляхам насаджаць тую пазіцыю, якую праводзіць урад і Нацыянальны банк”.
„Чаму гэта робіцца? Пераход на безнаяўныя плацяжы прыводзіць да змянення долі ценявой эканомікі. У Беларусі доля ценявой эканомікі вельмі вялікая. Паводле навуковых даследаванняў, гэтая доля складае каля 35% валавога ўнутранага прадукту”, – адзначыла прадстаўнік Нацбанка.
Каб вярнуць частку грашовага абароту ў безнаяўны абарот, прымаюцца меры, якія стымулююць працэс устаноўкі плацежных тэрміналаў, падкрэсліла Стэфановіч. Паводле яе слоў, да 1 ліпеня 2017 года разам з касавым апаратам павінен стаяць плацежны тэрмінал.У краіне ўстаноўлена 92 тыс. плацежных тэрміналаў і 245 тыс. касавых апаратаў. Такім чынам, за два гады неабходна будзе ўстанавіць каля 150 тыс. плацежных тэрміналаў, адзначыла Стэфановіч.