Тэкіла, ром і віскі – гэта ўсё па-глабалісцку!
Гомельскі калекцыянер – доктар па прафесіі – захоўваў дома 200 бутэлек дарагіх алкагольных напояў. І ведаць не ведаў, што парушае законы РБ.
Паводле адміністрацыйнага кодэкса ў Беларусі можна захоўваць дома без дакументаў, што пацвярджаюць набыццё тавару, толькі 15 літраў алкаголя з айчыннымі акцызнымі маркамі. Няма дакумента – уключаецца ліміт.
На замежныя спіртовыя напоі дадзенае правіла не распаўсюджваецца. І перавозіць па Беларусі, напрыклад, грузінскае віно ды захоўваць яго дома можна толькі з разліку 5 літраў на чалавека… Не ведаў пра ўсё гэта гомельскі док, але няведанне закону не пазбаўляе нас ад адказнасці. У выніку шыкоўная калекцыя была канфіскавана і знішчана, а яе былы гаспадар у дадатак і штраф у 2 мільёны беларускіх рублёў выплаціў… Бо тэкіла, ром і віскі – гэта ўсё па-глабалісцку, спадарства!
Варта зазначыць, што такая “экзатычная” алкагольная гісторыя выплыла на паверхню ў сувязі з іншай крымінальнай справай па артыкуле 433 “Атрыманне незаконнага ўзнагароджання”, узбуджанай супраць таго ж гомельскага доктара… У Следчым камітэце зазначылі: справа была “цалкам расследаваная, віна чалавека ўстаноўленая, ён яе прызнаў, і крымінальная справа з прычыны сталага ўзросту чалавека і яго раскаяння была спыненая на нерэабілітуючых падставах”.
Усё калісьці здараецца першы раз. Не ведалі пра некаторыя законы нашай цікавай краіны? Цяпер ведаеце. Рабіце высновы – знішчайце “несанкцыянаваныя” запасы спіртовых напояў у сваім бары. Толькі вось дрэнна гэта спалучаецца са здаровым ладам жыцця, які старанна прапагандуецца нашай дзяржавай.
Жаданне кантраляваць усё і ўсіх таксама не з’яўляецца прыкметай здаровай псіхікі…